«Пасьля ператрусу сваякам сказалі, што Ксенію забіраюць на Кальварыйскую, 14. Гэта Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Адпаведна, яна затрыманая. Зараз адвакат едзе туды падаць апавяшчэньне аб прыняцьці абароны і ордэр»,– паведаміла прэс-служба Каардынацыйнай рады.
22 сьнежня Ксенія Луцкіна перастала выходзіць на сувязь, а да гэтага яна даслала экстранае трывожнае паведамленьне. Геалякацыя яе тэлефона паказала, што Луцкіна знаходзіцца дома, з чаго ў радзе зрабілі выснову, што там ідзе ператрус. Гэтая інфармацыя пацьвердзілася.
Таксама 22 сьнежня сілавікі правялі шэраг ператрусаў у супрацоўнікаў «Прэс-клюбу». Заснавальніцу клюбу Юлію Слуцкую перахапілі ў менскім аэрапорце, калі яна вярталася з дачкой з Эгіпту. Ператрусы адбыліся ў кватэрах Слуцкай і праграмнага дырэктара арганізацыі Алы Шарко. Абедзьвюх таксама даставілі ў ДФР. Па некаторай інфармацыі, ператрусы прайшлі і ў кватэрах дырэктара Прэс-клюбу Сяргея Альшэўскага і праграмнага дырэктара акадэміі Прэс-клюбу Сяргея Якупава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 чалавек затрымалі, яны на Акрэсьціна. Што вядома пра справу «Прэс-клюбу»Прэс-служба Камітэта дзяржкантролю раней паведаміла аб правядзеньні «праверкі па фактах парушэньняў падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь» у дачыненьні да службовых асобаў культурна-асьветніцкай установы «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб» і іншых суб'ектаў гаспадараньня, зьвязаных у тым ліку з "паступленьнем буйных грашовых сумаў з-за мяжы".
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат расказаў, што ня так з абвінавачаньнем Каардынацыйнай рады ў экстрэмізьме