На асабістым тэлеграм-канале Павел Дураў напісаў, што Telegram набліжаецца да адзнакі ў 500 мільёнаў актыўных карыстальнікаў, і шмат хто задае пытаньне: хто будзе плаціць за гэты рост? Бо чым больш карыстальнікаў, тым больш выдаткаў на сэрвэры і трафік.
Па словах Дурава, падтрымка праектаў падобнага маштабу «абыходзіцца ў сотні мільёнаў даляраў штогод».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія ўнесла Telegram і «ВКонтакте» ў пірацкі сьпісЗаснавальнік прызнаўся, што на працягу большай часткі гісторыі Telegram ён аплачваў рахункі кампаніі з асабістых сродкаў. Праца над мэсэнджарам пачалася больш за 8 гадоў таму. Але пры бягучых тэмпах росту выдаткі, адпаведна, працягнуць рост. Акрамя таго, паўстала дылема, ці прадаваць кампанію.
«Калі тэхналягічная кампанія вырастае да такіх памераў, у яе ёсьць толькі два шляхі — зарабляць грошы для пакрыцьця выдаткаў або прадацца больш буйному гульцу».
Але Дураў заявіў, што прадаваць Telegram буйной карпарацыі не зьбіраецца. Так раней зрабілі заснавальнікі WhatsApp, што ён назваў «сумным прыкладам». Дураў лічыць, што «Telegram патрэбен сьвету як незалежны праект, дзе паважаюць правы карыстальнікаў».
Манэтызацыя Telegram пачнецца з 2021 году
Ён сьцісла расказаў пра дасягненьні Telegram, які «рассунуў межы магчымага ў цэлым шэрагу аспэктаў камунікацыі». Напрыклад, у шыфраваньні, функцыянальнасьці, простасьці, дызайне, хуткасьці.
Манэтызацыя Telegram пачнецца з 2021 году. Аднак «дзякуючы дасягнутаму маштабу, гэта адбудзецца неназойліва — большасьць карыстальнікаў наўрад ці заўважаць сур’ёзныя зьмены».
Паводле заснавальніка, «бягучыя сэрвісы Telegram застануцца бясплатнымі». Распрацоўнікі прапануюць дадатковыя функцыі для бізнэс-камандаў і карыстальнікаў з пашыранымі патрэбамі. Некаторыя з гэтых новых функцый вымагаюць шмат рэсурсаў, а таму будуць платнымі. Рэклямы ў стандартных асабістых і групавых чатах ня будзе.
Таксама распрацоўнікі прапануюць уласную рэклямную плятформу для папулярных каналаў, якая забясьпечыць карыстальнікам камфорт і канфідэнцыйнасьць, а самому Telegram дазволіць пакрываць выдаткі на сэрвэры і трафік.
За выкананьне пэўных патрабаваньняў па рэкляме ўладальнікі буйных каналаў змогуць атрымаць дадатковыя трафік і ахоп, зьявяцца ў мэсэнджары і платныя стыкеры з пашыранымі магчымасьцямі, прычым іх мастакі атрымаюць частку даходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Роля Telegram у 2020 годзе: паміж свабодай слова і «групамі нянавісьці»