Інцыдэнт, за які судзілі Дзьмітрыя Шчурко, адбыўся 20 верасьня. Тады на рагу вуліц Савецкай і Гогаля сабраліся ўдзельнікі акцыі пратэсту. Да іх пад’ехаў мікрааўтобус зь сілавікамі і пачаліся затрыманьні, піша Tut.by.
Па вэрсіі абвінавачаньня, мужчына скарыстаўся тым, што міліцыянты адцягнуліся на ўдзельнікаў дэманстрацыі, і дастаў з падсумка бронекамізэлькі аднаго зь іх радыёстанцыю. Выкрадзеную рацыю ён панёс дадому. Праз дзень яго выклікалі ў аддзяленьне міліцыі, дзе ён вярнуў абсталяваньне. Ва УУС шкоду ацанілі ў 890 рублёў.
Шчурко раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, ён выхоўвае дваіх дзяцей: 8 і 2 гадоў.
Берасьцеец вінаватым сябе не прызнаў. Суду ён расказаў, што 20 верасьня прыехаў на Савецкую прагуляцца. Каля помніка 1000-годзьдзя завязалася бойка з АМАПам. Сілавікі падбеглі да Дзьмітрыя, сказалі яму «ляжаць» і паспрабавалі скруціць. Празь дзень Дзьмітрыю патэлефанавалі з крымінальнага вышуку і папрасілі прыйсьці. У райаддзеле ён вярнуў рацыю. Затым яго дапыталі, затрымалі і адправілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС.
У судзе мужчына растлумачыў, што красьці рацыю ён не зьбіраўся. Ён узяў яе, каб выкарыстоўваць у якасьці доказу злачынстваў невядомых, якія затрымлівалі мірных дэманстрантаў.
Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як чалавек я табе дарую, але як міліцыянт — не». У Гарадоцкім раёне мужчыну асудзілі за абразу міліцыянта