Бацька Ксеніі Алег Уладзімеравіч расказаў Tut.by, што яго дачку затрымалі каля 16:00 у раёне ЦУМа: яму на тэлефон прыйшоў сыгнал SOS, а калі мужчына ператэлефанаваў, пачуў плач і просьбы дачкі прыехаць. «Цяпер адбываецца ператрус у яе ў кватэры, шмат людзей зайшло, яе сын-пяціклясьнік там знаходзіцца — тэлефанаваў мне, плакаў. Там зараз знаходзіцца мой сын, яе брат», — распавёў бацька Ксеніі.
На заўтра на 9:30 выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, лідэра рок-гурта J: морс Уладзімера Пугача.
Ксения Луцкіна — былая спэцкарэспандэнтка «Белтэлерадыёкампаніі». У канцы жніўня, пасьля 15 год працы, яна звольнілася па ўласным жаданьні. Яна была сярод тых, хто ўдзельнічаў у забастоўцы на Белтэлерадыё. Раней у інтэрвію Свабодзе яна расказала, што ня згодная з палітыкай кіраўніцтва кампаніі.
Яна ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, створанай Сьвятланай Ціханоўскай пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта 9 жніўня з мэтай перамоваў з уладамі аб выхадзе з палітычнага крызісу, спыненьні гвалту і правядзеньні новых справядлівых выбараў. Цяпер Рада налічвае 5 тысячаў чальцоў, многія чальцы прэзыдыюму Рады альбо ў турме, альбо за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура завяла справы на Ціханоўскую, Кавалькову, Латушку і іншых сябраў Каардынацыйнай рады. Ім пагражае да 12 год турмы21 студзеня Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што з улікам зьвестак, атрыманых у ходзе расьсьледаваньня Сьледчым камітэтам крымінальнай справы ў дачыненьні да сябраў Каардынацыйнай рады па ч.3 ст.361 Крымінальнага кодэксу, прыняла рашэньне аб завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да іншых асоб. Сярод іх Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Павал Латушка, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі і іншыя.
Пракуратура назвала падставай для справы «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньне ім», паводле ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэксу. Пакараньне па гэтым артыкуле — да 5 гадоў зьняволеньня.
Акрамя таго, па даручэньні Генэральнай пракуратуры Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненьні да сябраў Каардынацыйнай рады і іншых асоб па ч.1 арт.357 Крымінальнага кодэксу — змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Пакараньне па гэтым артыкуле — да 12 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каардынацыйная Рада адпрэчыла новыя абвінавачваньні на свой адрас