Фэльчар зь Ліды, якога звольнілі пасьля крытыкі захадаў улады супраць каранавірусу, амаль 5 месяцаў шукаў новую працу

Павал Палейчык пасьля адбыцьця пакараньня

Сёлета ў красавіку фэльчар зь Ліды Павал Палейчык падчас сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім выказаўся пра сытуацыю з каранавірусам у горадзе.

У выніку за ўдзел у стрыме мэдыка пакаралі 7 днямі арышту, а неўзабаве зь ім не працягнулі працоўны кантракт.

На плятформе MolaMola запусьцілі збор сродкаў для дапамогі пацярпеламу: замест заплянаваных 2 тысяч рублёў за дзень яму сабралі ў 10 разоў больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звольнены лідзкі фэльчар закрыў збор грошай, бо ахвяравалі «непрыстойна шмат», 20 тысяч рублёў

«Амаль 5 месяцаў ня мог працаўладкавацца, але нарэшце гэтае пытаньне вырашыў, — падзяліўся навіной Павал Палейчык з „Народнай воляй“. — Узялі на працу ў прыватны мэдычны цэнтар, філія якога ёсьць у Лідзе. Такім чынам, ня трэба пераяжджаць у Менск, буду працаваць».

Паводле Паўла, у кіраўніцтва цэнтру не было пытаньняў пра тое, чаму давялося звольніцца зь лякарні. Пасьля двухтыднёвага стажу з 21 сьнежня аформіўся афіцыйна. Будзе займацца заборам аналізаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне вельмі крыўдна». Звальняюць фэльчара «хуткай» зь Ліды, які адседзеў за стрым Ціханоўскага

«Доўга ня мог знайсьці варыянту — кагосьці, відаць, мая кандыдатура не задавальняла. Але, па-першае, людзі сабралі нашай сям’і больш за 20 тысяч рублёў, зусім без капейкі не заставаўся. Па-другое, стараўся, акрамя асноўнай працы, мець і дадатковую. Таму таксістам працаваў і тады, як быў фэльчарам, і калі застаўся бяз працы», — падсумаваў Павал Палейчык.