«Разьмешчанае А. Навальным у сетцы інтэрнэт гэтак званае «расьсьледаваньне« пра нібыта зробленыя ў дачыненьні да яго дзеяньні ўяўляе сабой сплянаваную правакацыю, скіраваную на дыскрэдытацыю ФСБ Расеі і супрацоўнікаў органаў фэдэральнай службы бясьпекі, ажыцьцяўленьне якой не было б магчымым без арганізацыйнай і тэхнічнай падтрымкі замежных спэцслужбаў», – гаворыцца ў паведамленьні ФСБ, якое цытуе агенцтва «Новости».
«Выкарыстаньне спосабу падмены нумара абанэнта — вядомы прыём замежных спэцслужбаў, раней ня раз апрабаваны ў антырасейскіх акцыях, які дазваляе выключыць магчымасьць вызначэньня рэальных удзельнікаў размовы», — адзначаецца ў заяве.
21 сьнежня выданьне The Insider і сам Аляксей Навальны апублікавалі запісы гутаркі зь меркаваным супрацоўнікам ФСБ Канстанцінам Кудраўцавым. На запісе Кудраўцаў фактычна прызнаўся ў тым, што на Навальнага быў учынены замах, і расказаў падрабязнасьці. Навальны прадставіўся суразмоўцу памочнікам сакратара Рады бясьпекі РФ Мікалая Патрушава.
У размове з Навальным чалавек, ідэнтыфікаваны як Кудраўцоў, растлумачыў, што палітык памёр бы, калі б не апэратыўная пасадка ў Омску і ня уведзены яму лекарамі хуткай дапамогі атрапін.
У публікацыі The Insider гаворыцца, што за некалькі гадзінаў да выхаду расьсьледаваньня Bellingcat і групы іншых мэдыя аб атручэньні апазыцыянэра, Навальны зрабіў некалькі званкоў чальцам групы, верагодна датычных да атручваньня, у тым ліку Кудраўцову. Як сьцьвярджаецца, апазыцыянэр тэлефанаваў праз адмысловую праграму, таму Кудраўцоў меркаваў, што яму тэлефануюць з працоўнага тэлефона. Як сьцьвярджаецца, гэты нумар таксама выкарыстоўваўся супрацоўнікамі ФСБ ў якасьці камутатара для сувязі з высокапастаўленымі афіцэрамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паплечніцу Навальнага затрымалі каля дома супрацоўніка ФСБ, якога вінавацяць ва ўдзеле ў атручваньні