«Мы заўсёды дзейнічалі ў рамках прававога поля і ніколі не заклікалі да незаконных дзеяньняў. Мы працягваем настойваць на дыялёгу. Нашая мэта застаецца ранейшай — дыялёг для вырашэньня палітычнага крызісу» — адзначаецца ў заяве, якую цытуе БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура завяла справы на Ціханоўскую, Кавалькову, Латушку і іншых сябраў Каардынацыйнай рады. Ім пагражае да 12 год турмы«Каардынацыйная Рада ўпэўненая што ціск на чальцоў КР і абсурдныя абвінавачваньні — чарговая спроба пазбавіць беларусаў магчымасьці выбіраць сваю ўладу, выказваць сваё меркаваньне і змагацца за сваю свабоду. Легітымная ўлада не мае патрэбы ў рэпрэсіях » — заяўляе Рада.
У сувязі з завядзеньнем новых крымінальных справаў заяву выдала таксама Народнае антыкрызіснае кіраваньне, якое ўзначальвае чалец прэзыдыюму КР Павал Латушка. У заяве гаворыцца, што гэтыя дзеяньні ўладаў разглядаюцца як палітычна матываваныя, а «нелегітымны рэжым працягвае рэпрэсаваць і душыць праявы любога іншадумства».
21 сьнежня Генэральная пракуратура паведаміла, што прыняла рашэньне аб завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да шэрагу іншых асоб, сярод якіх Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікавай, Максім Знака, Павал Латушка, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская тэлевізія не пакажа на Каляды зварот каталіцкага герарха — упершыню ад абвяшчэньня незалежнасьціПракуратура называе падставай для справы «стварэньне экстрэмісцкага фарміраваныя і кіраўніцтва ім», паводле ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса.
Пакараньне па гэтым артыкуле да 5 гадоў зьняволеньня.
У дачыненьні да Аляксея Лявончыка, які кіруе фондам дапамогі пацярпелым ад гвалту і рэпрэсій By_Help, i iншых грамадзян пракуратура распачала крымінальную справу ў сувязі з фінансаваньнем дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня – па арт.361-2 Крымінальнага кодэкса.
Крымінальныя справы перададзеныя ў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту.
Акрамя таго, па даручэньні Генэральнай пракуратуры Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненьні да сябраў Каардынацыйнай рады і іншых асоб па ч.1 арт.357 Крымінальнага кодэксу – змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
Пакараньне па гэтым артыкуле да 12 гадоў зьняволеньня.
Як і чаму ўзьнікла Каардынацыйная рада
Каардынацыйная рада была створаная Сьвятланай Ціханоўскай пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта 9 жніўня з мэтай перамоваў з уладамі аб выхадзе з палітычнага крызісу, спыненьні гвалту і правядзеньні новых справядлівых выбараў. Але ўлады на дыялёг не пайшлі, а працягнулі рэпрэсіі супраць сябраў Каардынацыйнай рады. Цяпер Рада налічвае 5 тысячаў чальцоў, многія чальцы прэзыдыюму Рады знаходзяцца альбо ў турме, альбо за мяжой. Частка сябраў рады знаходзіцца ў Беларусі.
Прэзыдыюм Рады цалкам знаходзіцца або за мяжой, як Павал Латушка, Сьвятлана Алексіевіч, Сяргей Дылеўскі, Вольга Кавалькова, або ў турме, як Марыя Калесьнікава і Максім Знак. Лілія Ўласава знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезддзе, супраць яе вядзецца крымінальны перасьлед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хай нас будуць сотні тысяч!» Сьвятлана Ціханоўская дала старт кампаніі «Я/Мы Каардынацыйная рада»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што гаварылі на прэс-канфэрэнцыі чальцы Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады. ВІДЭА