Журналіст спартовай газэты «Прессбол» Сяргей Южык расказаў Tut.by, навошта ўпарта змагаўся за выдаленую з сайту газэты навіну пра вызваленьне былой прэс-сакратаркі футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце) і «Міс Беларусь – 2008» Вольгі Хіжынковай.
20 сьнежня навіна некалькі разоў зьнікала з сайту, а позна ўвечары Сяргей Южык уключыў яе з тэкстам: «І той, хто зноў здыме або сатрэ гэтую навіну, — чалавек без сумленьня». У загалоўку ён назваў Вольгу Хіжынкову Героем Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У камэры адключылі ацяпленьне, спалі на падлозе». Вольга Хіжынкова расказала пра ўмовы зьняволеньня«Першапачаткова яе ўключыў дзяжурны на стужцы навінаў. Вольга не чужы для спорту чалавек. Яна была прэс-сакратаром берасьцейскага „Дынама“, дапамагала спартоўцам, якія трапілі ў бяду, у тым ліку паралімпійцу Аляксандру Трыпуцю, удзельнічала ў маратонах. „Прессбол“ ня мог прайсьці міма навіны аб яе вызваленьні», — цытуе Сяргея Южыка Tut.by.
Аднак удзень нататка з сайту знікла. Затым яе зноў вярнулі і зноў зьнялі, а дырэктар выданьня Юры Арлоў напісаў, што забараняе публікаваць інфармацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прессбол» зьвернецца ва УЭФА і ФІФА з просьбай ацаніць дзеяньні Беларускай фэдэрацыі футболу ў прызначэньні рэдактараўУ пачатку сьнежня газэту пакінуў галоўны рэдактар Дзьмітры Герчыкаў, яго замяніў карэспандэнт АНТ Сяргей Лісічкін.
«Дырэктар „Прессбола“ Юры Арлоў абвясьціў журналістам, што калі мы хочам захаваць газэту, то грамадзка-палітычную тэматыку кранаць ня варта. Маўляў, пасьля 9 жніўня часы зьмяніліся, свабодна пісаць ужо не атрымаецца. Зразумела, што гэта не ініцыятыва Арлова — ён гэта гаворыць пад ціскам», — лічыць Сяргей Южык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам спрабуюць даслаць вартаўніка, які мог бы нашу свабоду абмяжоўваць», — журналіст «Прессбола»Паводле журналіста, было агучана, што да Новага году рэдакцыя будзе працаваць у ранейшым фармаце. Аднак на справе цэнзура ўжо пачалася. Так, некалькі дзён таму з сайту прыбралі навіну з цытатай аглядальніка Сяргея Шчурко.
«Пакуль мне ніхто не тэлефанаваў, але я і не баюся наступстваў. Куды больш хвалюе, што гэта адбіваецца на „Прессболе“. Адным гэтым здыманьнем навіны мы страцілі рэпутацыю за некалькі гадоў. Газэту ўжо пакінулі Сяргей Мардасевіч і Ўладзімір Пірог. Некаторыя журналісты, у тым ліку і я, узялі паўзу да Новага году, каб паглядзець на разьвіцьцё сытуацыі. Ну а пасьля будзем прымаць рашэньні. Зрэшты, некаторым ужо негалосна забаранілі публікавацца», — адзначыў Сяргей Южык.