Аляксандар Лукашэнка 21 сьнежня афіцыйна прызначыў шэраг кіраўнікоў раённых адміністрацый, Дзяржаўным памежным камітэце, міністэрствах і іншых дзяржаўных установах. Сярод прызначаных чыноўнікаў вылучаецца Юры Панфілаў, які стаў старшынём Кастрычніцкага раёну Віцебску.
Да 21 сьнежня Панфілаў узначальваў іншую раённую адміністрацыю ў горадзе, у Чыгуначным раёне. Чыноўнік вядомы тым, што забараняў любыя заяўкі ад прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, партыяў і рухаў, пададзеных на правядзеньне масавых акцый.
Папярэднік Панфілава на пасадзе кіраўніка Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Сташэўскі пакінуў пасаду пасьля амаль 6 гадоў працы праз скандал з аўдыёзапісам, які апублікавалі ў інтэрнэце. На ім Сташэўскі прымушаў выбарчую камісію на ўчастку № 25 у школе № 44 зьмяніць пратакол галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах на карысьць Лукашэнкі, хоць паводле падлікаў там перамагла Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сумленнага пэдагога ўгаворвалі падпісаць сфальсыфікаваны пратакол. Аўдыёзапіс зь ВіцебскуПраверка, якую анансаваў старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў, прайшла без абвяшчэньня вынікаў для грамадзкасьці. А ўжо ў сьнежні Сташэўскі пераехаў у Менск, яго прызначылі намесьнікам старшыні «Белгідрамэту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На ўчастку ў Віцебску, дзе прымусілі перапісаць пратакол на карысьць Лукашэнкі, парушэньняў ня выявілі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўдыёзапіс, дзе настаўніцу прымушаюць падпісаць сфальшаваны выбарчы пратакол, сапраўдны, — крыніца