«Я абвясьціў галадоўку, таму што больш не засталося ніякай магчымасьці паўплываць на неабгрунтаваныя абвінавачаньні і маё неправамернае знаходжаньне пад вартай. Я несправядліва пазбаўлены волі і магчымасьці ўбачыць сваю сям’ю. За апошнія шэсьць месяцаў я прапусьціў вельмі шмат. Найбольш крыўдна, што не пачуў першыя словы сваёй дачкі», — цытуе ягоны ліст зь няволі тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу».
Паводле Ігара Лосіка, паўгода ён адседзеў у турме на падставе «абсурднага абвінавачаньня ў злачынстве», для зьдзяйсненьня якога павінен быў скарыстацца няйначай як тэлепортам. Ягонае алібі сьледзтва ўпарта ігнаруе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка палітвязьня Ігара Лосіка спыніла галадоўку, яе муж у СІЗА працягвае галадаць«Праз паўгода мне прад’явілі яшчэ адно абсурднае абвінавачаньне — падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках. Як гэта магчыма, калі да майго затрыманьня ні пра якія „масавыя беспарадкі“ наагул гаворкі не ішло? У гэты час не было вядома, чым скончыцца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты. Мабыць, з пункту гледжаньня сьледзтва, я ўмею прадказваць будучыню», — напісаў Ігар Лосік.
Добра ўсё абдумаўшы і ўзважыўшы ўсе «за» і «супраць», блогер адважыўся на галадаваньне пратэсту, каб дамагчыся справядлівасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адказ на новае абвінавачаньне палітвязень Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту. Да галадоўкі далучылася і ягоная жонка«Я цудоўна разумею: сьледам за абвяшчэньнем галадоўкі на мяне можа пачацца ціск: могуць перавесьці ў адзіночку ці ў карцар, пазбавіць асабістых рэчаў, лістоў, прэсы, зносінаў з адвакатам. Я магу займець сур’ёзныя праблемы са здароўем ці нават памерці. Але дзеля магчымасьці зноў абняць дачку я гатовы ісьці да канца. Усё яшчэ веру ў рэшткі сумленьня тых людзей, якія кантралююць расьсьледаваньне гэтых ліпавых абвінавачваньняў», — заявіў Ігар Лосік.
У справе прыцягненьня ўвагі да абуральнай несправядлівасьці і аднаўленьні правоў паўтары сотні палітычных вязьняў Ігар Лосік выказаў спадзеў на падтрымку неабыякавых беларусаў, міжнародных арганізацый, амбасадараў краін Эўразьвязу, урадаў дэмакратычных дзяржаваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На галадоўку Ігара і Дар’і Лосікаў адрэагавала Анна Шабатава, вядомая чэская хартыстка і папярэдні амбудсмэн Чэхіі«Дапамажыце ўсім невінаватым вярнуцца дадому. Наша сям’я, як і сем’і іншых вязьняў сумленьня, ужо дастаткова напакутаваліся за апошні час. Я спыню галадоўку толькі пасьля зьняцьця зь мяне ўсіх абвінавачаньняў або зьмены меры стрыманьня», — зьвярнуўся палітвязень Ігар Лосік.
Разам з Ігарам Лосікам з 15 сьнежня галадала ягоная жонка Дар'я, але сёньня стала вядома, што яна спыніла галадоўку пратэсту.
Дар’я Лосік патлумачыла сваё рашэньне выйсьці з галадаваньня ціскам на сям’ю. Па яе словах, пасьля шматлікіх інтэрвію і відэазваротаў пачаўся моцны прэсінг, пра абставіны якога яна абяцае расказаць пазьней.
У камэнтары для БелаПАН Дар’я Лосік сказала, што адчувае сябе здавальняюча. Пра стан мужа, які галадае шосты дзень, спадзяецца даведацца неўзабаве.