«Спэцсродкаў не ўжывалі». МУС патлумачыла, як у Менску затрымлівалі мужчын зь дзецьмі

Дваровая акцыя, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пракамэнтавала затрыманьне ў менскім мікрараёне Лебядзіны мужчыны з дочкамі 6 і 8 гадоў, а таксама таты, якога забралі ад вазка з 9-месячным дзіцём.

«19 снежня каля 21-й гадзіны паступіла інфармацыя пра падазроны натоўп у мікрараёне Лебядзіным, у якім заўважаны малалетнія дзеці. Неўзабаве туды прыбылі нарады, задзейнічаныя ў ахове грамадзкага парадку. Праваахоўнікі папрасілі прысутных разысьціся і адвесьці дзяцей дадому. Аднак тыя не адрэагавалі, працягвалі заставацца на пляцоўцы», — цытуе афіцыйны камэнтар Tut.by.

Як сьцьвярджаюць у ведамстве, у выніку міліцыянты «карэктна прапанавалі тром мужчынам» для далейшага разгляду прайсьці ў службовы транспарт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У суботу ў Менску сілавікі затрымалі мужчыну з дочкамі, а другога забралі ад вазка з 9-месячным дзіцем

Адзін зь іх «прыняў рашэньне зрабіць гэта разам з дваімі сваімі дзецьмі». Другі перадаў вазок знаёмай і «спакойна прайшоў у службовы транспарт».

Па прыбыцьці ў орган унутраных спраў у дачыненьні да мужчын быў пачаты адміністрацыйны працэс. Ніякіх спэцсродкаў супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі, падкрэсьліваюць у МУС.