Лясы Амазоніі ўпершыню ў гісторыі сталі больш вылучаць вуглякіслага газу, чым паглынаць

Пажар у бразыльскім трапічным лесе

Пэўныя трапічныя лясы ў Бразыліі з 2013 году ператварыліся ў крыніцы вуглякіслага газу. Асноўная прычына — моцныя пажары.

Лясы Амазоніі пачалі больш вылучаць вуглякіслага газу, чым паглынаць. Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледаваньня, апублікаваныя навуковым часопісам Science Advances, піша meduza.io.

Дасьледнікі прааналізавалі дынаміку паглынаньня і вылучэньня вуглякіслага газу на 32 дзялянках трапічнага лесу за межамі Амазоніі, на паўднёвым усходзе Бразыліі. Замеры рабілі ў 1987–2020 гг.

Навукоўцы заўважылі скарачэньне аб’ёму паглынаньня вуглякіслага газу на 2,6% і павелічэньне аб’ёму яго вылучэньня на 3,4% штогод.

«Найбольш сур’ёзнае зьніжэньне аб’ёму паглынаньня вугляроду адчуваюць самыя сухія і гарачыя раёны, дзе ёсьць трапічныя лясы. Яны ўжо ператварыліся з паглынальнікаў вугляроду на яго крыніцы», — гаворыцца ў дасьледаваньні.

Паводле зьвестак навукоўцаў, аб’ём вылучэньня вуглякіслага газу перавысіў аб’ём паглынаньня ў 2013 годзе. Асноўныя прычыны — высяканьне лясоў, памяншэньне колькасьці ападкаў, пэрыяды сьпёкі і засухі.

Амазонскія трапічныя лясы ўтрымліваюць 10% вугляроду, назапашанага ўва ўсіх жывых арганізмах Зямлі. 60% трапічных лясоў Лацінскай Амэрыкі знаходзіцца ў Бразыліі.

У 2019 годзе Бразылію ахапілі моцныя лясныя пажары. Згарэла больш за 6,5 мільёнаў гектараў амазонскіх лясоў. Усяго зафіксавалі звыш 70 тысяч месцаў загараньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Белавескай пушчы ўпершыню за 141 год пасяліўся буры мядзьведзь