На 15-й сэсіі Міжурадавага камітэту аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO беларуска-польскую намінацыю «Культура ляснога бортніцтва» ўключылі ў Рэпрэзэнтацыйны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Бортніцтвам на тэрыторыі Беларусі займаліся з старажытных часоў. Бортніцтва стала асобнай галіной гаспадаркі краіны, пра што сьведчаць Статуты Вялікага Княства Літоўскага. У ХVI—XVIII стст. у гарадах і мястэчках дзейнічалі брацтвы і цэхі бортнікаў з шырокімі правамі самакіраваньня, адзначае Міністэрства культуры.
«Сёньня бортніцтва захоўваецца ў многіх вёсках Лельчыцкага раёну, сустракаецца ў межах Петрыкаўскага, Лоеўскага, Жыткавіцкага, Ельскага раёнаў Гомельскай вобласьці, Столінскага і Пінскага раёнаў Берасьцейскай, асобныя бортнікі дзейнічаюць у Горадзенскай, Менскай, Віцебскай абласьцях. Захоўваюцца бортныя трацыцыі і ў асобных рэгіёнах Польшчы і Ўкраіны»,.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як на беларускім Палесьсі захоўваюць традыцыйнае бортніцтваЛясное бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёну ўключылі ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў яшчэ ў 2017 годзе. Тады было адзначана, што праца зь мёдам — «комплексны элемэнт культурнай спадчыны, які ўвабраў ня толькі матэрыяльную, але і духоўную частку культуры».
Лясное бортніцтва — чацьвёрты беларускі элемэнт нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Таксама ў пералік уваходзяць:
- народны абрад «Калядныя Цары»;
- веснавы абрад «Юраўскі карагод»;
- Урачыстасьць у гонар шанаваньня абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст).
Акрамя таго, чатыры элемэнты знаходзяцца ў Сьпісе сусьветнай спадчыны UNESCO. Гэта Белавеская пушча, замкавы комплекс у Міры, палацавы комплекс Радзівілаў у Нясьвіжы, а таксама геадэзічная дуга Струвэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 беларускіх ратуш, якія сьведчаць пра эўрапейскае мінулае краіны. ФОТА