У аддзелах міліцыі па ўсёй краіне пасьля пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў зафіксаваныя катаваньні людзей. Гэта пацьвярджаецца шэрагам відэазапісаў і сьведчаньняў.
Чарговыя відэадоказы, якія атрымала аб’яднаньне беларускіх сілавікоў BYPOL, тычыцца падзей 12-га жніўня ў Фрунзэнскім РУУС Менску.
На відэазапісе цягам амаль 7 хвілін бачна, як людзей зьбівалі дубінкамі, патрабавалі іх аблізваць, у нецэнзурнай форме з прымяненьнем удараў спрабавалі дамагчыся «прызнаньняў» ва ўдзеле на пратэстах у складзе групаў.
Паводле аўтараў відэа, супрацоўніца Партызанскага РУУС Ліліяна Жылянкова, якая ў той вечар чамусьці апынулася ў Фрунзэнскім упраўленьні, пагражала аднаму з затрыманых, што дзеці вырастуць бяз бацькі і вельмі ня хутка ўбачаць яго.
Сілавікі з BYPOL, якія аб’ядналіся ў мэтах справядлівага расьсьледаваньня катаваньняў і сьмерцяў мірных пратэстоўцаў, зьвярнуліся да першага намесьніка старшыні Сьледчага камітэту Алега Шандаровіча, які курыруе пытаньні папярэдняга сьледзтва. Яны патрабуюць адрэагаваць на інфармацыю аб злачынстве і забясьпечыць неадкладнае ўзбуджэньне крымінальнай справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля запуску «Кнігі рэгістрацыі злачынстваў» зьвесткі ў яе перадалі некалькі соцень чалавек ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Там жа [працаваць] трэба, а тут нічога ня робіш». Зьявілася новае відэа з камэр сілавікоў