18 лістапада управа Сьледчага камітэту ў Менску выставіла абвінавачаньні Ціхану Клюкачу і Соф’і Малашэвіч па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў). Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі і заклікалі ўлады вызваліць усіх палітьняволеных.
Абвінавачаных Малашэвіч і Клюкача ўзялі пад варту і трымаюць у сьледчай турме ў Жодзіне. Як вынікае з абвінавачаньня, 6 верасьня яны «прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, што выяўлялася ў парушэньні закону „Аб масавых мерапрыемствах“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі пачынаюць адчуваць сябе народам». Пра што піша зьняволены блогер Зьміцер КазлоўТаксама Ціхана і Соф’ю вінавацяць у тым, што «маючы задуму пашкодзіць маёмасьць [...] з хуліганскіх памкненьняў, выкарыстоўваючы балёнчык з фарбай, шляхам учыненьня розных надпісаў і малюнкаў фарбамі на паверхні шчытоў спэцыяльных сродкаў агароджы, якая належыць вайсковай частцы 3620, пашкодзілі названыя шчыты, прычыніўшы маёмасную шкоду. Такім чынам Ціхан і Соф’я учынілі злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства)».
Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што абмежаваньне свабоды сярод іншага павінна адпавядаць прынцыпам сувымернасьці кары. А «напісаньне фарбай на жалезных шчытах відавочна не магло прывесьці да іх пашкоджаньня, нанесеная шкода ад такіх дзеяньняў мела сымбалічны характар».
«Мы лічым перасьлед і пазбаўленьне волі Ціхана Клюкача і Соф’і Малашэвіч палітычна матываваным, зьвязаным з мірнай рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня меркаваньня, а саміх Ціхана Клюкача і Соф’ю Малашэвіч палітычнымі зьняволенымі», — напісана ў заяве праваабарончай супольнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэба пэндзлі, фарбы і лекі для скуры. Як жывуць вязьні пратэстуПраваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць Малашэвіч і Клюкача з-пад варты і спыніць іх крымінальны перасьлед, а таксама вызваліць іншых палітвязьняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.
Заяву падпісалі:
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар;
- Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»;
- Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend;
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава;
- Беларускі ПЭН-цэнтар;
- Беларускі Хэльсынскі камітэт;
- «Прававая ініцыятыва»;
- Кансультацыйны цэнтар актуальных міжнародных практык і іх імплемэнтацыі ў праве «Х’юман Канстанта».