Беларус, які разьбіўся на гелікоптэры ў Румыніі, удзельнічаў у незаконнай пераправе мігрантаў у Эўрапейскі Зьвяз

Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі Дзьмітры Косьцікаў, пра гібель якога ў Румыніі стала вядома летась у траўні, удзельнічаў у незаконным перамяшчэньні мігрантаў праз украінскую мяжу і мог спрычыніцца да кантрабанды тытуню ў Эўрапейскі Зьвяз.

Гэта выявіла расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць службоўцаў Мукачаўскага аддзелу Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, якія незаконна перавозілі людзей празь дзяржаўную мяжу, а таксама парушалі правілы міжнародных палётаў, лётаючы празь мяжу без дазволаў.

Справу завялі сёлета ў траўні, але пра беларуса згадалі толькі цяпер, калі сьледчы папрасіў у суду дазволу сабраць інфармацыю аб тэлефонных размовах усіх фігурантаў справы, у тым ліку і грамадзяніна Беларусі, які «падчас незаконнага пералёту празь дзяржаўную мяжу Ўкраіны ў Румынію на гелікоптэры Ка-26 разьбіўся і загінуў на месцы».

Месяц таму падчас ператрусу ў мужчыны, які кантактаваў з грамадзянінам Беларусі, былі сканфіскаваныя самалёт Apollo AG1, аўтамабіль ГАЗ 33204-318, рэгістрацыйныя дакумэнты на спартовыя самалёты, а таксама амаль 10 тысяч пачкаў цыгарэт «Мінск» і Compliment.

Што папярэднічала

9 траўня 2019 году румынскае выданьне Observator.tv паведаміла, што на паўднёвым усходзе Румыніі ў цяжкадаступнай мясцовасьці ў лесе паліцыя знайшла абломкі верталёта і сярод іх цела пілёта.

Румынскія сьледчыя ўстанавілі, што разьбіўся гелікоптэр Ка-26, які за савецкім часам найчасьцей выкарыстоўвалі ў сельскай гаспадарцы. Паводле сьледзтва, стан цела пілёта сьведчыў, што крушэньне адбылося за два–чатыры тыдні да таго, як знайшлі абломкі.

Пазьней яшчэ адно румынскае выданьне Baiamare24 паведаміла, што пілётам быў Дзьмітры Косьцікаў, грамадзянін Беларусі, ураджэнец Віцебску.

Паведамлялі, што Дзьмітры Косьцікаў выехаў зь Менску 5 сакавіка 2019 году цягніком у Львоў, а адтуль у Мукачава Закарпацкай вобласьці.

У канцы сакавіка 2019 году ягоныя сваякі зьвярнуліся ў міліцыю, бо пасьля пераезду ва Ўкраіну Дзьмітры перастаў выходзіць на сувязь. Пошукамі займаўся і атрад «Анёл», які і паведаміў, што цела Косьцікава знойдзена на тэрыторыі Румыніі побач з абломкамі гелікоптэра.