У Беластоку 154 беларусы-ўцекачы атрымалі грашовую дапамогу на жыльлё і мэдыцыну

Беласток. Архіўнае фота

Цэнтар падтрымкі іншаземцаў у Беластоку надаў дапамогу беларусам, якія пераехалі ў Польшчу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

15 сьнежня скончылася кароткатэрміновая праграма падтрымкі беларусаў — аднаразовай фінансавай дапамогі на мэдыцынскую страхоўку ці аплату жыльля ў Польшчы. Цэнтар падтрымкі пералічыў беларусам больш за 220 тысяч злотых (больш за 150 тысяч беларускіх рублёў), паведаміла Радыё Рацыя. Усяго дапамогу атрымалі 154 удзельнікі праграмы.

Прадстаўніца цэнтру Лізавета Міцкевіч сказала, што ўсяго цэнтар атрымаў 185 заявак. 31 чалавеку дапамогу ня здолелі надаць празь нясвоечасова аформленыя дакумэнты ці памылкі ў зьвестках.

«Да 10 сьнежня ўсе фінансавыя сродкі выплацілі, таму ня толькі сем’і, але і людзі, якія прыехалі ў Польшчу самастойна, атрымалі фінансавую дапамогу на рахунак або гатоўкай».

Таксама ў рамках праграмы беларусы маглі бясплатна скарыстацца паслугамі перакладніка, псыхоляга, кансультанта ў працаўладкаваньні.

Цэнтар падтрымкі іншаземцаў у Беластоку пры фондзе «Акно на Ўсход» паўстаў больш за 10 гадоў таму для дапамогі мігрантам з Усходу. Сёлета арганізацыя засяродзілася на дапамозе беларусам, якія прыехалі ці плянуюць пераезд у Польшчу.

Пры гэтым, паводле Лізаветы Міцкевіч, цэнтар заплянаваў некалькі праектаў падтрымкі беларусаў і налета.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі рынак працы больш адкрываецца для беларусаў