«Шуміха вакол рабочай сытуацыі». Мінэнэрга Беларусі адказала на абвінавачаньні Літвы пра «небясьпечную АЭС»

Вучэньні на БелАЭС, 2019 год

Міністэрства энэргетыкі Беларусі запэўнівае, што гатовае прыняць эўрапейскіх экспэртаў на пляцоўцы АЭС у Астраўцы «ў любы час».

Такая заява зьмешчаная ў Telegram-канале ведамства.

«У адказ на выказваньне міністра замежных спраў Літвы хацелі б адзначыць: перш чым рабіць гучныя заявы пра „безадказнае стаўленьне да ядзернай бясьпекі“, неабходна мець сур’ёзныя аргумэнты. Мы іх ня чуем, бо іх проста няма. Спроба нанесьці ўдар па рэпутацыі нашай краіны наўрад ці будзе ўспрымацца сур’ёзна міжнароднай супольнасьцю. Каб нешта даказаць, патрэбны факты», — гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскія экспэрты ў ядзернай бясьпецы адмянілі візыт на Беларускую АЭС

Напярэдадні міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс заявіў, што Беларусь сваім бязьдзеяньнем сарвала заплянаваны візыт Эўрапейскай групы рэгулятараў у галіне ядзернай бясьпекі (ENSREG).

«Літва заўсёды казала: Астравецкая АЭС небясьпечная, а Беларусь ня робіць нічога, каб гарантаваць стандарты бясьпекі і абароны навакольнага асяродзьдзя. Адмова пускаць экспэртаў у ядзернай бясьпецы ёсьць сур’ёзным сыгналам усяму Эўразьвязу аб тым, што надзея на ядзерную бясьпеку БелАЭС зайшла ў тупік. Мы гатовыя працаваць з Эўрапейскай камісіяй, каб прадухіліць трапляньне электрычнасьці зь небясьпечных АЭС», — заявіў кіраўнік МЗС Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянавае адключэньне». Мінэнэрга пра спыненьне рэактарнай устаноўкі БелАЭС

У Міністэрстве энэргетыкі адказалі, што Беларусь не адмаўлялася ад супрацы з эўрапейскімі экспэртамі і гатовая прыняць іх у іншы час.

«Паміж прадстаўнікамі гэтай арганізацыі і беларускімі спэцыялістамі выстраеныя канструктыўныя адносіны. Паэтапна вядзецца дыялёг у рамках партнэрскай ацэнкі нацыянальнага пляну дзеяньняў па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС, якія Беларусь правяла на добраахвотнай аснове. На станцыі рыхтаваліся да візыту эўрапейскіх спэцыялістаў. Яны самі прынялі рашэньне ня ехаць. На БелАЭС іх гатовыя прыняць у любы іншы час», — заявілі ў міністэрстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская антыядзерная кампанія патрабуе спыніць увод у эксплюатацыю першага блёку БелАЭС

У ведамстве канстатуюць, што імкненьне літоўскіх чыноўнікаў зрабіць беларускі бок «крайнім» і прадэманстраваць Эўропе «безадказнае стаўленьне Беларусі да ядзернай бясьпекі» выглядае «шуміхай вакол рабочай сытуацыі».