Лідэр рэспубліканцаў у Сэнаце павіншаваў Байдэна зь перамогай

Мітч Маконэл

Лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце ЗША Мітч Макконэл у аўторак павіншаваў абранага прэзыдэнта краіны Джо Байдэна і выбраную віцэ-прэзыдэнтку Камалу Гарыс, прызнаўшы іхную перамогу на выбарах

Гэта адбылося назаўтра пасьля таго, як перамогу на выбарах кандыдата-дэмакрата пацьвердзіла калегія электараў.

Раней Макконэл унікаў называць Джо Байдэна абраным кіраўніком дзяржавы, прызнаючы права дзейнага прэзыдэнта рэспубліканца Дональда Трампа на судовыя пазовы з мэтай аспрэчыць вынікі галасаваньня.

Сьцьвярджэньні прэзыдэнта Трампа аб маштабных фальсыфікацыях і махлярстве на выбарах, яго словы пра тое, што ў яго скралі перамогу, пераважна не знайшлі пацьверджаньня ў судах.

Цягам прыкладна 10-хвіліннай прамовы ў Сэнаце 15 сьнежня Мітч Макконэл казаў пераважна пра посьпехі Дональда Трампа за апошнія 4 гады. У канцы выступу ён павіншаваў абранага прэзыдэнта Джо Байдэна, адначасова заўважыўшы, што спадзяваўся «на іншы вынік лістападаўскага галасаваньня».

Макконэл сказаў, што палітык-дэмакрат Байдэн прысьвяціў служэньню грамадзтву многія гады свайго жыцьця. Лідэр сэнацкай большасьці таксама падкрэсьліў, што «амэрыканцы могуць ганарыцца самым першым у гісторыі краіны абраньнем на пасаду віцэ-прэзыдэнта жанчыны».

У аўторак газэта The New York Times напісала, што Мітч Маконэл і яго высокапастаўленыя памочнікі пераконваюць астатніх рэспубліканцаў у Сэнаце ня падтрымліваць аднапартыйцаў у Палаце прадстаўнікоў, калі хто-небудзь зь іх паспрабуе апратэставаць вынікі выбараў падчас ратыфікацыі вынікаў Кангрэсам 6 студзеня.

За Джо Байдэна 14 сьнежня выказаліся 306 чальцоў калегіі электараў — у адпаведнасьці з вынікамі галасаваньня ў асобных штатах, а за ягонага суперніка Дональда Трампа — 232.

Далей чальцы Кангрэсу маюць права аспрэчыць вынікі галасаваньня ў кожным са штатаў, прычым калі іх аспрэчыць хаця б 1 дэпутат у кожнай палаце, у Палаце прадстаўнікоў і ў Сэнаце можа прайсьці галасаваньне аб прызнаньні вынікаў выбараў.

У Палаце прадстаўнікоў пасьля выбараў 3 лістапада большасьць захавалі дэмакраты.