Улады ЗША дазволілі продаж хатніх тэстаў на каранавірус, цана 30 даляраў

Санта-Клаус у масцы ў штаце Вірджынія, ЗША. 3 сьнежня 2020 году.

Фэдэральнае ўпраўленьне кантролю за прадуктамі харчаваньня і мэдыцынскімі прэпаратамі ЗША (FDA) у аўторак дазволіла продаж набору для правядзеньня тэставаньня на COVID-19 у хатніх умовах.

Гэты набор можна будзе набыць у аптэках без рэцэпта лекара. Паводле заявы кіраўніка FDA Стывена Гана, «пацыент зможа ўзяць мазок з носу, правесьці тэставаньне і атрымаць вынік усяго за 20 хвілін». Вытворца тэстаў, аўстралійская кампанія Ellume, паведаміла, што ў студзені яна зможа вырабіць 3 мільёны набораў для тэсту. Затым іх выпуск рэзка павялічыцца.

Меркаваная цана набору — 30 даляраў.

Гэты экспрэс-тэст выяўляе наяўнасьць у арганізме бялкоў COVID-19. Як адзначаюць спэцыялісты, гэтая тэхналёгія не гарантуе стоадсоткавай дакладнасьці вынікаў. Калі вынікі тэсту нэгатыўныя, але ў чалавека ёсьць сымптомы заражэньня каранавірусам, ён павінен зьвярнуцца да лекара, рэкамэндуе FDA.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў пра беларускую вакцыну ад каранавірусу за 5 мільёнаў рублёў

Паводле інфармацыйнага агенцтва Associated Press, цяпер у Злучаных Штатах штодня амаль два мільёны чалавек праходзяць тэставаньне на каранавірус. Па словах экспэртаў, для кантролю за эпідэміяй колькасьць тэставаньняў павінна быць павялічана ў некалькі разоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За мінулы дзень у Беларусі зарэгістравалі 1911 пацыентаў з COVID-19