Да чатырох месячных пэнсій штрафу. Судзяць пэнсіянэраў, затрыманых у Менску падчас маршу пратэсту 14 сьнежня

Удзельніца маршу пратэсту пэнсіянэраў. Менск, 14 сьнежня.

Сталі вядомыя першыя выракі – штрафы ў памеры 810 рублёў (30 базавых велічынь), гэта каля дзьвюх сярэдніх беларускіх пэнсій, і 1620 рублёў (60 базавых), гэта каля чатырох беларускіх пэнсій.

У судзе Ленінскага раёну Менску пачалі разглядаць адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў «Маршу мудрасьці» 14 сьнежня за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Судзьдзя Т. Шоцік пакараў 62-гадовую Ірыну Закітную штрафам у памеры 810 рублёў. Такі ж вырак вынес судзьдзя М. Клімчук у адносінах да Галіны Лагун.

1620 рублёў штрафу склаў вырак Тацяне Зялко, які вынесла судзьдзя В. Ачалава з таго ж Ленінскага раённага суду.

Вынікі судоў зьбіраюць валянтэры ініцыятывы «Сьпісы затрыманых».

На затрыманых 14 сьнежня пэнсіянэраў у міліцыі склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Адну ўдзельніцу маршу забрала хуткая дапамога.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы 107 затрыманых учора падчас разгону маршу пэнсіянэраў. Валянтэры ініцыятывы «Сьпісы затрыманых» сабралі 115 прозьвішчаў.

Большасьць затрыманых адпусьцілі з пастарунку, склаўшы адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Некалькі чалавек накіравалі да суду ў турму на Акрэсьціна. «Вясна» сярод такіх называе Тамару Кукарэку 1950 году нараджэньня; апрача таго, вядома, што затрыманую Ларысу Сысоеву пакінулі на ноч у Кастрычніцкім РУУС Менску.

Паводле валянтэраў ініцыятывы «Сьпісы Акрэсьціна» у цэнтар ізаляцыі парушальнікаў на Акрэсьціна даставілі як мінімум 4 затрыманых.