У сваім звароце да краіны ў панядзелак увечары абраны прэзыдэнт Джо Байдэн заклікаў амэрыканцаў да яднаньня і заявіў пра радасьць дэмакратычнага працэсу.
«Цяпер мы ведаем, што нішто — ні пандэмія, ні злоўжываньне ўладай — ня можа загасіць полымя дэмакратыі, — абвясьціў Джо Байдэн. — Прыйшоў час перагарнуць старонку, аб’яднацца, загаіць раны».
Байдэн падкрэсьліў, што ў выбарах узяла ўдзел рэкордная колькасьць амэрыканцаў — больш за 155 мільёнаў чалавек — і падзякаваў уладам штатаў і работнікам выбарчых участкаў за пасьпяховае правядзеньне выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Байдэн гаварыў пра Беларусь, Лукашэнку і ЦіханоўскуюРазам з тым Джо Байдэн рэзка раскрытыкаваў спробы выбарчага штабу Дональда Трампа і яго прыхільнікаў аспрэчыць вынікі выбараў у судах розных інстанцый. Ён ацаніў як адмову паважаць вяршэнства закону адпрэчаны ў пятніцу Вярхоўным судом краіны пазоў генэральнага пракурора Тэхаса з заклікам прызнаць незаконнымі вынікі галасавання ў чатырох штатах.
Галасаваньне ў Калегіі электараў, якое звычайна лічыцца фармальнай працэдурай, сёлета набыло асаблівую значнасьць ад сьцьвярджэньняў Трампа аб маштабных фальсыфікацыях падчас лістападаўскага ўсенароднага галасаваньня.
Вынікі падліку галасоў паказвалі, што Байдэн атрымаў 306 галасоў электараў, тады як для перамогі неабходна 270.
Вынікі выбараў прэзыдэнта 6 студзеня мае фармальна ўхваліць Кангрэс. Сябры Кангрэсу ЗША маюць права аспрэчыць вынікі галасаваньня ў кожным са штатаў, прычым, калі іх аспрэчаць хаця б па 1 сябры абедзьвюх палат, у Палаце прадстаўнікоў і ў Сэнаце, можа прайсьці галасаваньне аб тым, прызнаваць ці вынікі галасаваньня ў тым ці іншым штаце ці не.
Многія камэнтатары лічаць, што да гэтага наўрад ці дойдзе, але нават калі дойдзе, наўрад ці прыхільнікі Трампа дабʼюцца посьпеха, паколькі дэмакраты захавалі большасьць у Палаце прадстаўнікоў і, хутчэй за ўсё, адкінуць любыя спробы ануляваць вынік выбараў у тым ці іншым штаце.
Уступленьне на пасаду новага прэзыдэнта ЗША адбудзецца 20 студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд ЗША адхіліў пазоў Трампа аб пераглядзе вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Часопіс Time выбраў Джо Байдэна і Камалу Гарыс «Асобамі году – 2020»