Андрэя Зайцава асудзілі паводле абвінавачаньня ў несанкцыянаваным адзіночным пікеце за сьцяг на прыватным доме ў пасёлку Сокал.
Як паведамляе Белсат, раней Андрэй Зайцаў атрымаў яшчэ і штраф 810 рублёў за ўдзел у «Маршы гонару» 11 кастрычніка.
Жонка Андрэя Іна Зайцава стала вядомая як «бел-чырвона-белая нявеста», бо зьяўлялася на пратэставых акцыях у вясельнай сукенцы з чырвонай паласой.
У канцы кастрычніка яе арыштавалі ў Горадні: выязны суд Кастрычніцкага раёну палічыў, што жанчына ўдзельнічала ў адзіночным пікеце каля «Гродна Азот», і аштрафаваў яе на 675 рублёў.
Як расказала Свабодзе Іна Зайцава, вясельную сукенку далучылі да справы як рэчавы доказ і не аддалі.