Латушка падзякаваў жыхарам Ждановічаў, якія прайшлі маршам да ягонага дома

Дом Паўла Латушкі ў Ждановічах пад Менскам, апаганены вандаламі адразу пасьля таго, як ён заявіў пра сваю апазыцыю Лукашэнку. Жнівень 2020 году.

У Ждановічах адбыўся марш пратэсту. Людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі скончылі шэсьце каля дома палітыка, які зьехаў за мяжу,— Паўла Латушкі.

Марш пад бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшоў пад Менскам у пасёлку Ждановічы. Удзельнікі зладзілі шэсьце вуліцамі, на якіх жывуць, а фінальным пунктам прызначылі дом экс-дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушкі.

Павал Латушка.

Павал Латушка зьехаў з краіны ўлетку і цяпер ня можа вярнуцца назад праз пагрозу крымінальнага перасьледу з боку ўладаў. Пасьля таго, як фатаздымак з удзельнікамі маршу на фоне ягонага дома трапіў у інтэрнэт, Латушка зрэагаваў на акцыю ў сваім тэлеграм-канале.

«Шаноўныя мае суседзі! Шчыра дзякую вам за падтрымку! Прыемна ўсьведамляць, што ёсьць падтрымка ў адным з родных і такіх жаданых месцаў, куды кожны дзень хочаш вярнуцца. Упэўнены, што неўзабаве муры рухнуць і ўсёй Беларусьсю пройдзем сьвяточным мірным маршам з вамі. Жывуць Ждановічы! Жыве Беларусь!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ілюзія беспакаранасьці павінна зьнікнуць». Латушка пра «Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў»