900 беларускіх студэнтаў атрымалі польскія стыпэндыі ў рамках ініцыятывы «Салідарныя зь Беларусьсю»

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, Варшава, 11 жніўня 2020.

Уладальнікі стыпэндыяў, якія вучацца ў дзяржаўных польскіх ВНУ, таксама будуць вызваленыя ад платы за навучаньне.

Амаль 900 студэнтаў зь Беларусі атрымалі стыпэндыі NAWA для навучаньня ў польскіх унівэрсытэтах у рамках праекту падтрымкі беларусаў «Салідарныя са студэнтамі». Гэтая акцыя ёсьць часткаю ўрадавай ініцыятывы «Салідарныя зь Беларусьсю», — паведамляе Польскае радыё.

Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену (NAWA) і Канфэрэнцыя рэктараў акадэмічных школ у Польшчы (KRASP) абралі стыпэндыятаў праекту «Салідарныя са студэнтамі». Амаль 900 грамадзян Беларусі будуць вучыцца ў 73 польскіх унівэрсытэтах, маючы стыпэндыі NAWA.

«Цікавасьць маладых беларусаў да стыпэндыяў, якія дазваляюць ім заставацца на вучобе ў Польшчы, была вельмі высокай. Я радая, што разам з KRASP мы змаглі адказаць на гэтую патрэбу, і такая вялікая група пачала вучыцца ў выбраных імі сфэрах, — кажа доктар Гражына Жэброўска, дырэктар NAWA. — Матэрыяльная падтрымка — не адзіная дапамога, якую можам прапанаваць. Мы плянуем падрыхтаваць лекцыі і онлайн-сустрэчы для стыпэндыятаў у пытаньнях разьвіцьця навуковай кар’еры ў Польшчы, правілаў і працэдураў легалізацыі знаходжаньня, а таксама барацьбы з складанымі жыцьцёвымі сытуацыямі».


Студэнты зь Беларусі выбіралі ўнівэрсытэты і кірункі навучаньня з уласнай ахвоты. Найбольш стыпэндыятаў праекту «Салідарныя са студэнтамі» было ў Варшаўскім унівэрсытэце, унівэрсытэце Адама Міцкевіча ў Познані, Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве, Лодзінскім унівэрсытэце, Варшаўскай школе эканомікі, Беластоцкім тэхналягічным унівэрсытэце і ўнівэрсытэце ў Беластоку.

Бюджэт праекту 11 мільёнаў злотых. Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпэндыю 1250 злотых (студэнты першага ўзроўню і доўгатэрміновага навучаньня) і 1500 злотых (студэнты другога ўзроўню).

Уладальнікі стыпэндыяў, якія вучацца ў дзяржаўных ВНУ Польшчы, таксама будуць вызваленыя ад аплаты навучаньня.

Польшча дапамагае ня толькі беларускім студэнтам

«Салідарныя са студэнтамі» — адзін з трох праектаў, які NAWA праводзіць сумесна з Канфэрэнцыяй рэктараў акадэмічных школ у Польшчы на запыт Міністэрства адукацыі і навукі ў рамках урадавай ініцыятывы «Салідарныя зь Беларусьсю».

Два іншыя віды дзейнасьці: «Салідарныя з навукоўцамі» (мэта — даць магчымасьць прыблізна 20 навукоўцам з беларускіх ВНУ і навуковых інстытутаў, якія маюць доктарскую ступень, прыехаць у польскія ўстановы вышэйшай адукацыі і навукі) і «Салідарныя з выкладчыкамі» (у рамках гэтага праекту 15 выкладчыкаў з Беларусі прымаюць удзел у асьпіранцкіх кваліфікацыйных дасьледаваньнях выкладаньня польскай культуры і польскай мовы як замежнай у Сылескім унівэрсытэце).

Усяго ў рамках трох праектаў NAWA падтрымку маюць больш за 1100 чалавек. Агульны іх бюджэт складае прыблізна 14 мільёнаў злотых.