Палітоляг Дзьмітры Балкунец заявіў, што закрыцьцё беларускіх межаў на выезд ніяк не зьвязанае з каранавірусам і што ён увогуле не выключае вяртаньня камісіяў, якія будуць вырашаць, каму можна выяжджаць за мяжу, а каму не. Пра гэта ён сказаў у эфіры праграмы «Грани времени» расейскай службы «Радыё Свабода».
Ён лічыць, што жалезнай заслонай Лукашэнка
- помсьціць беларусам за пратэсты,
- спадзяецца адгарадзіцца ад «майданаўскіх тэхналёгіяў»,
- не дае беларусам езьдзіць на закупы ў Польшчу і Літву і вывозіць валюту,
- хоча спыніць міграцыйную плынь працоўных рэсурсаў, у тым ліку мэдыкаў і праграмістаў.
«Яшчэ магу дапусьціць, што, можа, празь нейкі час у Беларусі ўзьнікне такі інструмэнт, які быў у Савецкім Саюзе, — дазвол на выезд. Зьявяцца камітэты на ўзроўні КДБ або раёнаў, якія будуць вырашаць, каму можна выяжджаць, каму не, хто ідэалягічна правільна падкаваны, хто не», — сказаў Балкунец.
«Але забарона на выезд з каранавірусам, на мой погляд, увогуле ніяк не зьвязаная», — адзначыў ён.
Палітоляг таксама лічыць, што Лукашэнка назаўсёды разьвітаўся з заходнім сьветам.
«Захад ня будзе больш выбудоўваць нейкія камунікацыі пэрсанальна з Лукашэнкам. Для Захаду Лукашэнка больш не існуе як палітык».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На каго пакрыўдзіўся Лукашэнка і чаму закрывае выезд з краіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Астапенка заклікаў дэмакратычныя дзяржавы не дапусьціць ператварэньня Беларусі ў канцлягер