Швайцарыя далучылася да санкцыяў Эўразьвязу з забаронай на ўезд і замарожваньнем актываў Лукашэнкі і яшчэ 14 чалавек

Віктар Лукашэнка сын і памочнік Аляксандра Лукашэнкі па нацыянальнай бясьпецы на моладзевай Алімпіядзе ў Швайцарыі, студзень 2020

Швайцарыя абвясьціла 11 сьнежня, што далучаецца да санкцыяў Эўразьвязу, якія прадугледжваюць забарону на ўезд для Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 14 чалавек зь Беларусі, а таксама замарожваньне іх фінансавых актываў.

Санкцыі ўступаюць у дзеяньне неадкладна і будуць адпавядаць рашэньням Эўразьвязу ад 6 лістапада, гаворыцца ў паведамленьні швайцарскага ўраду.

Швайцарыя заклікала Беларусь «паважаць свае міжнародныя абавязаньні ў правах чалавека. Сярод іх павага да свабоды выказваньняў, сходаў і асацыяцый, вызваленьне тых, хто быў адвольна затрыманы, і расьсьледаваньне абвінавачаньняў у катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з боку сілаў бясьпекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Швайцарыі адрэгавалі на вырак сваёй грамадзянцы ў Менску за сарваную зь сілавіка балаклаву

У паведамленьні таксама адзначаецца, што Швайцарыя ўводзіць асобнае эмбарга на пастаўкі ў Беларусь зброі і тавараў, якія могуць быць скарыстаня для ўнутраных рэпрэсій. Эўразьвяз увёў такое эмбарга ў 2011 годзе.

У дадатковым сьпісе Эўразьвязу, прынятым 6 лістапада, наступныя асобы:

  • Аляксандар Лукашэнка
  • Віктар Лукашэнка — памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы
  • Ігар Сергеенка — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта
  • Іван Тэртэль — старшыня КДБ
  • Раман Мельнік — начальнік Галоўнай управы аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС
  • Іван Наскевіч — старшыня Сьледчага камітэту
  • Аляксей Волкаў — былы першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту, цяпер старшыня Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў
  • Сяргей Аземша — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Андрэй Смаль — намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
  • Андрэй Паўлючэнка — кіраўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце
  • Ігар Бузоўскі — намесьнік міністра інфармацыі
  • Натальля Эйсмант — прэс-сакратарка прэзыдэнта
  • Сяргей Зубкоў — камандзір групы «Альфа» (спэцназ)
  • Андрэй Раўкоў — былы дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі
  • Пётра Міклашэвіч — старшыня Канстытуцыйнага суду

Прычынамі санкцыяў сталі рэпрэсіі і запалохваньне мірных дэманстрантаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, у прыватнасьці — адвольныя арышты і жорсткае абыходжаньне, у тым ліку катаваньне, а таксама запалохваньне журналістаў і гвалт над імі. Таксама — парушэньні правілаў прэзыдэнцкіх выбараў, невыкананьне асноўных міжнародных стандартаў справядлівасьці і празрыстасьці выбараў, фальсыфікацыя вынікаў выбараў, адхіленьне на ўяўных падставах ад выбарчай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў, стварэньне абмежаваньняў для назіральнікаў на выбарчых участках, перадузятае фармаваньне выбарчых камісіяў.