Як сьцьвярджаецца ў судовым выраку дырэктару дэпартамэнту камэрцыйнай і замежнаэканамічнай дзейнасьці ўкраінскай ТАА «Снек Експорт», прадукцыя (чыпсы, семкі, арэхі, піва) пастаўлялася ў Беларусь паводле кантракту з кампаніяй «Сьвет піва» для «ачышчэньня» ўкраінскага паходжаньня.
Паводле матэрыялаў справы, беларуская кампанія, атрымаўшы прадукцыю зь Кіева ці Дняпра, ужо на тэрыторыі Беларусі праводзіла сэртыфікацыю і мытнае афармленьне. Пасьля гэтага прадукцыя ішла ў Расею, а адтуль — на акупаваны Данбас празь зьліквідаваныя Ўкраінай мытныя пасты ў Луганскай вобласьці.
Сьледчыя вызначылі, што такая схема паставак украінскай прадукцыі працавала з 2014 году. Што праўда, у судовым рашэньні фігуруюць усяго некалькі кантрактаў, падпісаныя з чэрвеня 2016 да верасьня 2017 году на больш як 120 тысячаў даляраў. Паводле сьледзтва, у выніку гэтых паставак у бюджэт так званай «ЛНР» сплацілі на той момант амаль 1,5 тысячы даляраў мыта і такім чынам прафінансавалі дзейнасьць тэрарыстычнай арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ўкраіны знайшлі патокі забароненай расейскай прадукцыі зь Беларусі і краін БалтыіУкраінскаму бізнэсоўцу за выкарыстаньне такой схемы гандлю зь непадкантрольнымі тэрыторыямі Луганскай і Данецкай абласьцей пагражала да 10 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць адказныя пасады. Але ён пайшоў на ўгоду са сьледзтвам, прызнаўшы віну. У выніку суд прызначыў мяккае пакараньне — 5 месяцаў пазбаўленьня волі, якія абвінавачаны ўжо правёў пад вартай у часе дасудовага і судовага сьледзтва. Апроч таго, ён мусіць сплаціць 170 тысяч грыўняў штрафу (больш як 6 тысячаў даляраў у эквіваленце) і кампэнсаваць выдаткі на экспэртызы.
ТАА «Снек Експорт» зарэгістраваная ў Кіеве, але фактычна знаходзіцца ў Дняпры. Яна займаецца перапрацоўкай бульбы, рыбнай і мучной прадукцыі, а таксама гандлюе прадуктамі харчаваньня, напоямі і тытунёвымі вырабамі.
Беларускае ТАА «Сьвет піва» зарэгістравана ў Менску і займаецца вытворчасьцю і пастаўкамі прадуктаў харчаваньня і напояў. Раней яно пастаўляла ў Беларусь піва ўкраінскіх вытворцаў. У 2018 годзе супраць менскай кампаніі Ўкраіна ўвяла санкцыі і забараніла на тры гады супрацу зь ёй усім украінскім прадпрыемствам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два беларускія прадпрыемствы трапілі пад украінскія санкцыі за гандаль з акупаванымі тэрыторыямі