Кіраўнік фэдэрацыі хакею Расеі прапанаваў перанесьці беларускую частку чэмпіянату сьвету ў Пецярбург

Прэзыдэнт Фэдэрацыі хакею Расеі Ўладзіслаў Трацяк.

Кіраўнік Фэдэрацыі хакею Расеі Ўладзіслаў Трацьцяк прапанаваў прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэлю правесьці беларускую частку чэмпіянату сьвету – 2021 у Санкт-Пецярбургу.

Пра гэта паведамляе расейскі тэлеграм-канал «Матч! Хоккей!».
На гэтым тыдні плянаваўся візыт Рэнэ Фазэля ў Беларусь, аднак сябраў дэлегацыі спыніў каранавірус.

Сам Рэнэ Фазэль пакуль не гатовы да радыкальных захадаў, каб зьмяніць месца турніру, права правесьці які ў свой час атрымалі Менск і Рыга. Пры гэтым кіраўніцтва Латвіі ўжо заявіла, што не зьбіраецца каапэравацца з краінай, дзе беспакарана чыніцца гвалт супраць уласных людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэча прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею з Лукашэнкам сарвалася праз каранавірус

«Нашай мэтай ёсьць правесьці чэмпіянат сьвету ў Менску і Рызе, нічога не мяняючы, — адзначыў Рэнэ Фазэль. — Так, Латвія заявіла, што гатовая самастойна прыняць 16 камандаў, аднак і Беларусь кажа, што можа сама арганізаваць аналягічныя спаборніцтвы. Занадта рана прымаць нейкае рашэньне. У нас кантракт, я хачу пагаварыць з усімі».

Славуты ў мінулым савецкі хакейны брамнік Уладзіслаў Трацьцяк выступіў з ініцыятывай замяніць Менск на будучым турніры і прапанаваў сабраць каманды-ўдзельніцы ў Санкт-Пецярбургу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў Лукашэнку прысутнічаць на Алімпійскіх гульнях і іншых спаборніцтвах

Раней Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў кіраўнікам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Аляксандру і Віктару Лукашэнкам ды яшчэ 12 чальцам выканкаму наведваць алімпійскія спаборніцтвы за шматлікія факты палітычнага перасьледу атлетаў.