Беларусь назвалі самай небясьпечнай для журналістаў краінай Эўропы

Журналістка Натальля Лубнеўская, якую паранілі гумовай куляй 10 жніўня

«Рэпартэры бязь межаў» назвалі Беларусь самай небясьпечнай у Эўропе краінай для журналістаў і далі 15 рэкамэндацый, як спыніць беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. У прыватнасьці, яны заклікалі Эўрапейскі Зьвяз замарозіць усе выплаты Беларусі па лініі фінансавай дапамогі, пакуль там парушаюцца правы чалавека.​

За чатыры месяцы ў Беларусі

  • зафіксавалі 449 выпадкаў парушэньня свабоды слова,
  • арыштавалі 368 журналістаў,
  • палову арыштаваных асудзілі,
  • 80 журналістаў зьняволілі на тэрмін, ня меншы за тры дні,
  • 7 журналістаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці або атрымалі пагрозы такога перасьледу,
  • 62 журналісты сталі ахвярамі гвалту, жорсткага абыходжаньня і нават катаваньняў падчас утрыманьня пад вартай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі гарадзкі суд пакінуў пад вартай журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, якую прызналі палітзьняволенай

Каб спыніць гэтыя рэпрэсіі і закласьці новыя асновы свабоды слова ў Беларусі, «Рэпартэры бязь межаў» далі рэкамэндацыі беларускім уладам і міжнародным інстанцыям.

Сярод патрабаваньняў да беларускіх уладаў,

  • гарантаваць бясьпеку журналістам, асудзіць вінаватых у парушэньні свабоды слова, жорсткім абыходжаньні, гвалце і катаваньнях;
  • спрасьціць акрэдытацыю замежных журналістаў;
  • спыніць цэнзуру і блякаваньне навінавых сайтаў і блогаў;
  • вярнуць незалежным выданьням доступ да друку і распаўсюду;
  • скасаваць абавязак весьці ўлік і раскрываць зьвесткі камэнтатараў;
  • спыніць крымінальны і адміністрацыйны перасьлед журналістаў, перагледзець прысуды;
  • паспрыяць візыту ў Беларусь дакладчыка АБСЭ і экспэртаў ААН;
  • прызнаць юрысдыкцыю Эўрапейскага суду ў правах чалавека.

Да эўрапейскіх інстытуцый «Рэпартэры бязь межаў» зьвярнуліся з заклікам падтрымліваць журналістаў і свабоду слова ў Беларусі. А таксама ўвесьці санкцыі супраць беларускіх уладаў і замарозіць фінансавую дапамогу.

У рэйтынгу свабоды прэсы «Рэпартэраў бязь межаў» Беларусь займае 153-е месца з 180.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек Свабоды» Ніна Багінская: «Веру ў зьмену ўлады летам»