Як раней паведамілі ў Міністэрстве абароны Азэрбайджану, у парадзе прымуць удзел больш за 3 тысячы вайскоўцаў і будуць прадэманстраваныя да 150 адзінак ваеннай тэхнікі. На плошчы зьявіцца таксама захопленая падчас баявых дзеяньняў трафэйная тэхніка, адзначылі ў ведамстве.
На парадзе прысутнічае прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, які 9 сьнежня прыбыў у Азэрбайджан з двухдзённым візытам.
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў 2 сьнежня заснаваў новае сьвята — Дзень перамогі, які будзе адзначацца штогод 8 лістапада (ад сьвяткаваньня 10 лістапада адмовіліся, паколькі дата супадае з Днём памяці Мустафы Кемаля Атацюрка).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы людзей пакідаюць Карабах і суседнія раёны. Некаторыя спальваюць хатыТым часам у Ерэване ля будынку ўраду Армэніі, дзе дэманстранты праводзяць акцыю пратэсту з патрабаваньнем адстаўкі прэм’ер-міністра краіны Нікола Пашыньяна, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Як паведамляе «Інтэрфакс», дэманстранты перакрылі аўтадарогі, пасьля чаго паліцыянты паспрабавалі адцясьніць іх з праезнай часткі. Ёсьць затрыманыя.
Раней у чацьвер дэманстранты закідалі яйкамі картэж прэм’ера, які заяжджаў на тэрыторыю ўраду перад яго пасяджэньнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армянская апазыцыя абвясьціла акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня. У Ерэване пачаліся затрыманьніПалітычныя пазыцыі Пашыньяна рэзка саслаблі пасьля таго, як у ноч на 10 лістапада ён падпісаў супольнае з прэзыдэнтамі Расеі і Азэрбайджану Ўладзімірам Пуціным і Ільхамам Аліевым заяву аб поўным спыненьні ваенных дзеяньняў у Нагорным Карабаху. З моманту падпісаньня пагадненьня ў Ерэване не спыняюцца пратэсты з патрабаваньнем адстаўкі прэм’ера.
Узброены канфлікт у Нагорным Карабаху рэзка абвастрыўся ў канцы верасьня 2020 году. За паўтара месяца Азэрбайджан здолеў адваяваць некалькі раёнаў Карабаху і ўзяць горад Шушу (па-армянску Шушы), старажытную сталіцу Карабаху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра які мір дамовіліся Азэрбайджан, Армэнія і Расея. Экспэрты — пра сытуацыю ў Нагорным КарабахуТэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам з нагоды Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай Рэспублікі». За пэрыяд узброенага канфлікту 1988-1994 гадоў у сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек, больш за сотню тысяч сталі ўцекачамі і змушанымі перасяленцамі.
«Нагорна-Карабаская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай з краін ААН, у тым ліку Армэніяй, якая настойвае, што «НКР» павінна быць незалежнай.