Дырэктар Нясьвіскага замку-музэю Сяргей Клімаў узначальваў установу 10 гадоў. Цяпер яго звольнілі ў аднабаковым парадку, піша «Наша Ніва».
Клімаў прыйшоў на пасаду, калі замак быў у заняпадзе. Але дырэктар дамовіўся з нашчадкамі Радзівілаў аб вяртаньні пэўных экспанатаў у Беларусь, за кароткі час істотна павялічыў калекцыю замку. За гэта ў 2016-м Нясьвіж адзначылі прэстыжнай культурніцкай прэміяй «Europa Nostra».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Эўразьвяз дапамагае Беларусі: Нясьвіскі замакКлімава звольнілі паводле артыкулу 259 Працоўнага кодэксу. Раней паводле гэтага артыкулу звальнялі дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку.
Сяргей Клімаў абураны такім абыходжаньнем. Ён заявіў, што нават сёлета, падчас пандэміі і рэзкага зьніжэньня колькасьці турыстаў, музэй пад яго кіраўніцтвам прыняў 170 тысяч наведнікаў. За 2020 год Нясьвіскі замак-музэй зарабіў 800 тысяч даляраў.
Сёлета ў жніўні пасьля выбараў над Нясьвіскім палацам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг.
«Па-сабачы, цішком мяне звальнялі, нібыта нешта скраўшы, абы ніхто не даведаўся. Пазваніў шараговы супрацоўнік Міністэрства культуры і сказаў, што міністар прапанаваў мне напісаць заяву на звальненьне. Але я адмовіўся».
Праз пару гадзін Клімаву паступіў званок пра тое, што яго ўжо звольнілі і заўтра ён можа прыбыць у міністэрства азнаёміцца з паперай.
Але ніякіх прычын ніхто Клімаву не патлумачыў.
«Адныя нейкія намёкі: „Ну вы ж разумееце...“. Не, я не разумею!»
Клімаў кажа, што не прападзе, але ня думае, што ў будучыні будзе мець справы з Міністэрствам культуры. Ён адзначае, што яму ўвесь час ішлі прапановы з замежжа, і цяпер ён гатовы іх разглядаць. Цяпер ужо экс-дырэктар кажа, што зьдзіўлены тым, што ні ў кога ў Міністэрстве не знайшлося мужнасьці сустрэцца зь ім і шчыра пагаварыць пра сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Веру, што ў нашага Урфіна Джуса скончыцца чароўны парашок». Як раённы начальнік застаўся без працы