Праваабаронцы: колькасьць палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі з пачатку выбараў перавысіла 900

Суд над Натальляй Хершэ, якая сарвала балаклаву з сілавіка. Яе пакаралі на два з паловай гадоў калёніі. Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьбірае зьвесткі пра людзей, чый крымінальны перасьлед зьвязаны з падзеямі выбарчай кампаніі і пасьля яе. Сабрана больш за 540 імёнаў і прозьвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны.

141 чалавек з гэтага сьпісу на дадзены момант зьяўляюцца палітычнымі зьняволенымі. Сьпіс абнаўляецца і дапаўняецца.

З пачатку кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 года, больш чым за паўгода ў краіне заведзена больш за 900 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасьля выбарчай кампаніі.

Самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх былі ўзбуджаны крымінальныя справы:

  • 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі) – «Вясьне» вядомы прозвішчыя мінімум 168 фігурантаў спраў па гэтым артыкуле.
  • 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) – справы па гэтым артыкуле масава заводзіліся супраць актывістаў у траўні і ліпені («Справа Ціханоўскага», альбо «Гарадзенская справа», «справа 14 ліпеня»). Таксама пасьля акцыі Дзяды ў Менску Сьледчы камітэт абвясьціў, што завёў адразу 231 справу па арт. 342 КК РБ.
  • 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак).
  • 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
  • 243 КК РБ (Ухіленьне ад сплаты падаткаў) – па гэтым эканамічным артыкуле былі затрыманы актывісты штаба Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцый пратэсту.
  • Таксама вядома пра пачатак крымінальных спраў за паклёп (арт. 188 КК РБ), хуліганства (арт. 339 КК РБ) і па іншых артыкулах Крымінальнага кодэксу.

9 сьнежня адбудзецца онлайн-прэзэнтацыя даклада «Беларусь, жнівень 2020: «правасудзьдзе» для пратэстоўцаў». Ён асьвятляе парушэньні стандартаў справядлівага судовага разьбіральніцтва над ўдзельнікамі мірных дэманстрацый супраць фальсыфікацый вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года.