Хакейны клюб аштрафавалі за тое, што гульцы не трымалі руку на сэрцы падчас выкананьня гімну

Аршанскі хакейны клюб «Лякаматыў»

Фэдэрацыя хакею Беларусі аштрафавала аршанскі хакейны клюб «Лякаматыў» на 675 беларускіх рублёў.

Прычынай пакараньня стала тое, што пяць хакеістаў каманды не трымалі руку на сэрцы падчас выкананьня дзяржаўнага гімну перад пачаткам адной з гульняў, паведамляе Tribuna.com.

Такую працэдуру патрабуе рэглямэнт турніру. Згодна з пунктам 8 артыкула 62 удзельнікі матчу — грамадзяне Рэспублікі Беларусь слухаюць дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, прыклаўшы далонь правай рукі да левага боку грудзей.

Хакеістам «Лякаматыву» паведамілі, што штраф падзеляць на пяць частак і спагоняць зь вінаватых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З палітычных прычынаў звольніўся кіраўнік дэпартамэнту Беларускай фэдэрацыі футболу