«Сёньняшняе рашэньне МАК адназначна зьяўляецца гістарычным і беспрэцэдэнтным і назаўсёды ўвойдзе як у гісторыю Беларусі, так і ў гісторыю сусьветнага спорту: мы дамагліся аднаўленьня правоў спартоўцаў, якія пацярпелі за мірнае выказваньне сваіх палітычных поглядаў.
Цяпер спартоўцы, выключаныя, звольненыя са зборных, змогуць узяць удзел у сусьветных спаборніцтвах і Алімпіядзе, а чыноўнікі, якія наплявалі на іхныя правы, панясуць заслужанае пакараньне.
Гістарычны момант гэтага рашэньня ў тым, што нам, Беларускаму фонду спартовай салідарнасьці, удалося дамагчыся прыняцьця рашэньня, пры тым, што наша арганізацыя зьявілася толькі ў жніўні, а ўся праца, перамовы з МАК занялі крыху больш за два месяцы. Праўладныя чыноўнікі заяўлялі, быццам мы ніхто і ня маем ніякага права гаварыць ад асобы спартоўцаў. Яны памыліліся. І ня толькі яны.
Спартовыя санкцыі МАК – гэта толькі пачатак. Мы ня спынімся! Віншуем усіх зь вельмі важнай перамогай!» – прыводзіць словы Герасімені акаўнт SOS BY у інстаграме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт забараніў Лукашэнку прысутнічаць на Алімпійскіх гульнях і іншых спаборніцтвахМіжнародны алімпійскі камітэт (МАК) прыняў рашэньне часова адхіліць прадстаўнікоў Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Беларусі ад удзелу ў падзеях МАК, уключаючы Алімпійскія гульні.
Выканаўчы камітэт МАК вырашыў:
- Выключыць абраных членаў Выканаўчага савета НАК Беларусі з усіх мерапрыемстваў МАК, уключаючы Алімпійскія гульні. Сюды ўваходзіць, у прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка ў якасьці прэзыдэнта НАК і законнага прадстаўніка НАК; Віктар Лукашэнка ў якасьці першага віцэ-прэзідэнта НАК і асобы, якая штодня адказвае за дзейнасьць НАК; Дзьмітры Баскаў у якасьці чальца Выканаўчага камітэту НАК і з улікам канкрэтных абвінавачаньняў, выстаўленых супраць яго. З 13 чальцоў Выканаўчага камітэту НАК Беларусі гэтае выключэньне не датычыць толькі Тацяны Драздоўскай.
- Прыпыніць усе фінансавыя выплаты НАК Беларусі, за выключэньнем выплат, зьвязаных з падрыхтоўкай беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў у Токіё 2020 і зімовых Алімпійскіх гульнях у Пэкіне 2022 году. Усе алімпійскія стыпэндыі для беларускіх спартоўцаў цяпер будуць выплачвацца непасрэдна спартоўцам, а не праз НАК.
- Папрасіць адпаведныя міжнародныя фэдэрацыі гарантаваць, каб усе беларускія спартоўцы, якія маюць права на ўдзел, маглі ўдзельнічаць у кваліфікацыйных мерапрыемствах да Алімпійскіх гульняў без палітычнай дыскрымінацыі.
- Прыпыніць любыя перамовы з НАК Беларусі наконт правядзеньня будучых мерапрыемстваў МАК.
- Папрасіць усіх удзельнікаў алімпійскага руху паважаць гэтыя захады ў інтарэсах абароны правоў беларускіх спартоўцаў і рэпутацыі алімпійскага руху.
«МАК прыйшоў да высновы, што цяперашняе кіраўніцтва НАК Беларусі не абараняе ад палітычнай дыскрымінацыі», — пракамэнтаваў рашэньне прэзыдэнт МАК Томас Бах.
Бах таксама сказаў, што Міжнародная федэрацыя хакею абмяркуе пытаньне пра ролю Беларусі ў найбліжэйшыя дні.