Былога міліцыянта Дзьмітрыя Кулакоўскага ня выпусьцілі зь Беларусі, затрымалі на мяжы і адразу завезьлі ў ізалятар, піша Tut.by.
Кулакоўскі працаваў у міліцыі з 2006 па верасень 2020 году, ён пакінуў службу неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, бо быў ня згодны зь дзеяньнямі ўлады. У кастрычніку яго затрымалі супрацоўнікі ўправы ўласнай бясьпекі.
Амаль месяц Кулакоўскі правёў у ізалятары на Акрэсьціна, дзе зь ім абыходзіліся так, што на знак пратэсту ён глытаў мэталічныя прадметы. Яго арыштоўвалі спачатку на 12, а затым на 15 дзён. У ізалятары Кулакоўскі трапляў у карцэр, дзе яму не дазвалялі адшпіліць ложак ад сьцяны і ён быў вымушаны амаль увесь час сядзець і спаць на крэсьле.
На Кулакоўскага завялі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады, што можа пацягнуць абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў. Былы міліцыянт спрабаваў пакінуць Беларусь, але яго затрымалі на мяжы.
Пра катаваньні ў турме на Акрэсьціна заяўляў яшчэ адзін былы міліцыянт, колішні начальнік ДАІ Менскай вобласьці Сяргей Маслоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спаў на бэтоннай падлозе, не давалі вады. Экс-начальнік менскага абласнога ДАІ дагэтуль на Акрэсьціна