Спартоўцы, арыштаваныя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Беларусі, запісалі для інстаграму Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў відэа на ангельскай мове, у якім расказалі пра ўмовы ўтрыманьня пад арыштам і заявілі, што ў ізалятары інфікаваліся COVID-19.
Удзел у відэароліку прынялі:
- Канстанцін Палей, майстар спорту ў дзюдо;
- Іван Ганін, чэмпіён сьвету і ўладальнік Кубку сьвету ў кікбоксінгу і тайскім боксе;
- Аляксандра Сітнікава, шматразовая чэмпіёнка Беларусі ў тайскім боксе;
- Марыя Шакура, удзельніца зборнай Беларусі ў пляжным рэгбі;
- Яўген Вяроўка, галоўны трэнэр футбольнага клюбу «Бяроза»;
- Андрэй Краўчанка, дзесяціборац, срэбраны прызэр Алімпіяды-2008 у Пэкіне.
Аляксандра Сітнікава расказала, што цягам свайго 10-дзённага арышту ня мела практычна нічога.
«Нас пазбавілі самага элемэнтарнага гарачай вады, цяпла і нават чыстай пітной вады. Ва ўсіх нас ёсьць каранавірус».
Аляксандра Сітнікава раней распавядала пра свой арышт.
Андрэй Краўчанка — адзін з самых вядомых беларускіх лёгкаатлетаў, якога ў ізалятары прымушалі прысядаць звыш 400 разоў, таксама заявіў, што пэўных спартоўцаў «пазбавілі падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў. І ўсё гэта таму, што мы хочам, каб гвалт спыніўся».
Рэпрэсаваныя атлеты змогуць выступіць на Алімпіядзе, — Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці.