Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на паўгода падоўжыў тэрмін дзеяньня даведак і дакумэнтаў, якія канчаюцца ў пэрыяд зь 10 лістапада 2020 году па 10 траўня 2021.
Пералік апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Выдадзеныя фізычным і юрыдычным асобам даведкі і дакумэнты, тэрмін дзеяньня якіх заканчваецца ў пэрыяд зь 10 лістапада 2020 году па 10 траўня 2021-га, будуць сапраўдныя яшчэ шэсьць месяцаў.
Улады вызначылі 190 адміністрацыйных працэдур па заявах грамадзян, для якіх падоўжаць тэрмін дзеяньня выдадзеных даведак і дакумэнтаў.
Сярод іх
- мэдыцынская даведка аб стане здароўя,
- даведка для пастаноўкі на ўлік для паляпшэньня жыльлёвых умоў,
- прызначэньне дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў,
- пасьведчаньне інваліда,
- пашпарты,
- пасьведчаньне на права жыхарства,
- пропускі на права знаходжаньня ў памежнай паласе,
- пасьведчаньне кіроўцы і іншыя.
Вызначана 161 адміністрацыйная працэдура для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Пастанова набывае моц з дня афіцыйнага апублікаваньня. Гэта ўжо другое падаўжэньне тэрмінаў дзеяньня дакумэнтаў. Раней на падобныя захады ўлады пайшлі ў траўні, калі падоўжылі дакумэнты на тры месяцы. Такія меры былі прынятыя ў пэрыяд складанай эпідэмічнай абстаноўкі дзеля таго, каб скараціць колькасьць наведваньняў дзяржаўных органаў для афармленьня неабходных дакумэнтаў.