Журналістку тэлеканалу «Белсат» Любоў Лунёву і апэратара Івана Куракевіча затрымалі перад пачаткам маршу пэнсіянэраў у Менску.
Пра гэта Любоў Лунёва пасьпела паведаміць Свабодзе праз тэлефон:
«Марш яшчэ не пачаўся, на нас накінуліся шэсьць сілавікоў у чорным. Мы спрабавалі схавацца ў краме, але не ўдалося».
Цяпер Лунёва знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна.
«Нас тут агулам 10 чалавек прывезьлі з маршу пэнсіянэраў. Афармляюць», – пасьпела сказаць Лунёва ў тэлефон.
Сёньня пэнсіянэры месцам збору выбралі ня плошчу Незалежнасьці, а плошчу Якуба Коласа. Сюды прыйшлі некалькі соцень чалавек, але ўзмоцненыя сілы міліцыі і тэхніка блякавалі тратуары і праезную частку і не дазволілі людзям выйсьці за межы плошчы.
На мінулых маршах сілавікі таксама не давалі пратэстоўцам рухацца праспэктам Незалежнасьці, блякавалі і расьсякалі калёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэры і мэдыкі выйшлі на дзясяты «Марш мудрасьці» ў Менску, сілавікі не далі ім пачаць шэсьце і затрымалі 10 чалавек. ФОТА і ВІДЭА