Калійныя ўгнаеньні — адзін са стратэгічных тавараў, якія Беларусь прадае за мяжу. Сёлета за першыя 8 месяцаў Беларусь прадала калійных угнаеньняў на 1,7 мільярда даляраў, гэта на 20,3% менш, чым летась, паведамляе Белстат.
Нарвэская кампанія Yara — адзін з пакупнікоў калійнай солі беларускай вытворчасьці. Кіраўніцтва гэтай кампаніі асудзіла парушэньне правоў чалавека ў Беларусі і звальненьне рабочых за палітычную пазыцыю. За 8 месяцаў Беларусь паставіла ў Нарвэгію калійных угнаеньняў на 53,4 мільёна даляраў. Гэта толькі 3% ад агульнай сумы прыбытку ад экспарту. Летась продаж калійных угнаеньняў у Нарвэгію быў большы на 10 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва нарвэскай кампаніі — імпартэра калійнай солі асудзіла падаўленьне правоў чалавека ў БеларусіХто яшчэ купляе калійныя ўгнаеньні
Самы буйны пакупнік калійных угнаеньняў сёлета — Бразылія, гэта краіна набыла іх на 408 мільёнаў даляраў. У параўнаньні зь мінулым годам продаж зьнізіўся на 50 мільёнаў даляраў.
На другім месцы — Кітай, у гэтую краіну прадалі калійных угнаеньняў на 223 мільёны даляраў. Індыя купіла калійных угнаеньняў на 203 мільёны даляраў, гэта на 90 мільёнаў менш, чым летась.
На 92 мільёны даляраў калійных угнаеньняў набыла Інданэзія, на 89 мільёнаў даляраў — Малайзія, на 66 мільёнаў ЗША, на 60 мільёнаў Польшча.
Таксама сёлета Беларусь экспартавала нафтапрадуктаў на 1,7 мільярда даляраў па выніках 8 месяцаў году. На такую ж суму экспартавалі і калійных угнаеньняў.
«Неўзабаве цэны на калій могуць вырасьці»
Аглядальніца Тацьцяна Манёнак зазначае, што ў натуральным вымярэньні экспарт калійных угнаеньняў усё ж такі вырас, а ў грашовым скараціўся.
«Нягледзячы на не зусім прывабную каньюнктуру, „Беларуськалій“ стараецца павялічыць экспарт у натуральным вымярэньні. Гэта зьвязана з каньюнктурай; у часы, калі зьніжаецца вытворчасьць, гэта тычыцца ўсіх кампаніяў. Беларусь заключыла кантракты з Кітаем і Індыяй, а доўгатэрміновыя кантракты заключаюцца па меншых цэнах», — кажа Тацьцяна Манёнак.
Аглядальніца зьвяртае ўвагу, што «цяпер цэны на калійныя ўгнаеньні пачалі расьці», таму можа адбыцца «падвышэньне цэнаў у кароткатэрміновых кантрактах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуськалій» звольніў 49 пратэстоўцаў