Да страйку далучыўся вядучы інжынэр «Нафтана» Юры Гашаў. У жніўні Гашаў зьвяртаўся да кіраўніцтва з прапановамі па паляпшэньні сацыяльна-эканамічных умоваў працы прадпрыемства, аднак ні адна зь іх не была выкананая, а ціск на страйкавы рух нават узмацніўся.
«Новаму дырэктару «Нафтана» і старшыні Белхімпрафсаюза не патрэбныя ні інжынэрнае, ні эканамічнае, ні сацыяльнае паляпшэньне працы завода. Бачачы і разумеючы ўсё, што адбываецца, 7 сьнежня я не выходжу на працу і далучаюся да агульнанацыянальнага страйку да выкананьня вылучаных патрабаваньняў. Жыве Беларусь!» – заявіў інжынэр.
Далучыўся да страйкоўцаў і яшчэ адзін інжынэр «Нафтана» Ігар Бутоўскі, які працуе ў групе тэхнічнага нагляду прадпрыемства. Ён адпрацаваў на заводзе 24 гады.
На «Горадняпрамбуд» з 7 сьнежня на працу да выкананьня патрабаваньняў адмовіўся выходзіць муляр 4-а разраду С.Чарняк.
Зьявіўся страйковец і на прадпрыемстве «Берасьцеэнэрга» – гэта Валер Дзерваед, вядучы інжынэр прадпрыемства, які падтрымаў усе патрабаваньні нацыянальнага страйку. Раней пра ўдзел у страйку не паведамляў ніхто з працоўных гэтых двух прадпрыемстваў.
Да страйкаму «Беларуськалія» далучыўся электрасьлесар ўчастка Андрэй Прылуцкі.
Страйкоўцы патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, вызваленьня палітвязьняў, правядзеньня новых сумленных выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ шасьцёра рабочых далучыліся да нацыянальнага страйку, у тым ліку чэмпіён сьвету ў кікбоксінгу