Больш за 300 чалавек затрымалі сёньня ў Менску падчас пратэстаў, паведаміла прэс-служба міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Новы год без дыктатуры!» Як прайшоў «Марш волі». ГалоўнаеПраваабарончы цэнтар «Вясна» па стане на 23.15 сабраў прозьвішчы 315 затрыманых падчас разгонаў мірных шэсьцяў у Менску і рэгіёнах Беларусі, дзе людзі выйшлі на чарговыя маршы пратэсту супраць сфальшаваных выбараў прэзыдэнта і гвалту пад агульнай назвай «Марш волі».
Вядома, што ў Менску ў сваім двары затрымалі пэнсіянэрку Ларысу Соўсь, 1941 году нараджэньня. Яна была ў Кастрычніцкім РУУС Менску, пазьней яе вызвалілі.
Сярод затрыманых таксама — паэт і музыка Ўладзь Лянкевіч, актор Аляксей Сапрыкін, хірург Менскай абласной дзіцячай бальніцы Артур Ермаркевіч, намесьнік дэкана факультэта факультэта інфармацыйных камунікацый БДТУ Раман Азарчык.
У Горадні сілавікі затрымлівалі на некалькі гадзін журналістаў БелаПАН Марысю Харэвіч і Сяргея Людкевіча (адпусьцілі зь Ленінскага РАУС без пратаколаў).
У Берасьці ўдзельнікі маршу пратэсту 6 сьнежня прыйшлі ў двор у Берасьці, дзе жыў 43-гадовы Раман Рашэцкі. На пахаваньні затрымалі актывіста Віталя Казака, ён вёў разьвітальную цырымонію ў двары, паведаміў «Белсат».
Журналістку «Інтэрфакс-Захад» затрымалі падчас акцыі пратэсту ў Менску, яна ў РУУС Заводзкага раёну Менску, паведаміла агенцтва. Праз гадзіну, пасьля праверкі дакумэнтаў, яе адпусьцілі.
Сярод затрыманых у Менску Ніна Багінская, якую Лукашэнка публічна загадваў не чапаць. Як піша Telegram-канал Антона Матолькі, Ніну Багінскую затрымалі каля Акадэміі МУС тры чалавекі ў чорным, разам са сьцягам пасадзілі ў машыну Geely. Ніну Багінскую даставілі ў Савецкае РУУС Менску, пазьней адпусьцілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэцяя нядзеля дваровых маршаў. Што адбываецца ў Беларусі на 120-ы дзень пратэстаў