Ціханоўская падтрымала ўдзельнікаў «Маршу Волі»

Сьвятлана Ціханоўская.

Галоўнае наша дасягненьне мы пранясём з сабой у будучыню, яно застанецца з намі пры любым прэзыдэнце і пры любой уладзе: мы навучыліся адстойваць свае правы.

«Беларусь пратэстуе ўжо пяты месяц. За гэты час пратэст стаў часткай нашага жыцьця, такой жа неад'емнай, як праца або час зь сямʼёй. І так будзе да нашай перамогі. Але, што яшчэ важней, — так будзе і пасьля яе.

Галоўнае дасягненьне гэтых месяцаў — нават ня санкцыі, не сусьветнае непрызнаньне легітымнасьці клану Лукашэнкі, не праграмы дапамогі і рэформаў. Галоўнае наша дасягненьне мы пранясём з сабой у будучыню, яно застанецца з намі пры любым прэзыдэнце і пры любой уладзе: мы навучыліся адстойваць свае правы. Мы навучыліся не згаджацца гучна і голасна. Мы навучыліся клапаціцца адзін пра аднаго. Мы навучыліся патрабаваць ад дзяржавы выконваць сваю працу. Мы навучыліся ганарыцца, што мы — беларусы», — заявіла Ціханоўская.

«Наша перамога непазьбежная — рэжым спыніць сваё існаваньне. Але вельмі важна памятаць, якая цана гэтага, і больш не дазволіць апынуцца ў сытуацыі, калі прыйдзецца плаціць яе зноў. Кожны з нас нясе адказнасьць за тое, у якой Беларусі мы будзем жыць. Кожны з нас цяпер ведае, што абыякавасьць і няўдзел у грамадзкім жыцьці робіць нас уразьлівымі. Кожны ведае, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам сувэрэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ. І мы з вамі аддалі велізарную колькасьць намаганьняў, каб гэты радок у Канстытуцыі стаў урэшце праўдай.

Таму я падтрымаю ўсіх, хто заўтра выйдзе ў свой двор, раён і горад. Кожны марш — гэта напамін пра тое, што беларусы не здадуцца. Мы не дазволім адбіраць нашыя правы і закрываць вочы на злачынствы. І нагадаем пра гэта кожнаму, хто апынецца ў Адзінай Кнізе Рэгістрацыі Злачынстваў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэцяя нядзеля дваровых маршаў. Што адбываецца ў Беларусі на 120-ы дзень пратэстаў