Качанава — студэнтам журфаку БДУ аб пратэстах: «А навошта гэта асьвятляць?»

Натальля Качанава, старшыня Савету Рэспублікі, 30 ліпеня 2020 году

Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава на сустрэчы са студэнтамі факультэту журналістыкі БДУ заявіла, што ня бачыць нічога асаблівага ў Балёнскім працэсе і ня лічыць патрэбным асьвятляць пратэсты ў краіне.

Цытаты Качанавай падае тэлеграм-канал «Студэнцкая думка».

Натальля Качанава, між іншага, адказала на пытаньні пра паўнамоцтвы Лукашэнкі.

«На ім цяпер ляжаць нашы зьнешнія адносіны, унутраныя. Канстытуцыя ў нас сёньня такая, што па кожным напрамку кантроль і функцыі прэзыдэнта ў нейкай частцы. І гэта адмова ад асабістага жыцьця, за табой жа краіна».

Старшыня Савету Рэспублікі прызналася, што прачынаецца штодня а 6-й раніцы і ўключае тэлевізар. Але ў ейным тэлефоне можна адшукаць і Тэлеграм, у тым ліку з каналамі апазыцыйных поглядаў. У той жа час Качанава лічыць, што бачыць толькі няпраўду пра сябе ў публікацыях «Нашай Нівы». Затое, «калі „Народная Воля“ піша, што трэба разабрацца, мы ж разьбіраемся!».

На пытаньне адной са студэнтак, чаму быў зьняты наклад нумару «Народнай Волі» і чаму да журналістаў прымяняюцца рэпрэсіі, Натальля Качанава адказала, што журналістыка — гэта не злачынства, але «журналістаў прыцягваюць да адказнасьці, як і іншых людзей, за несанкцыянаваныя мерапрыемствы».

Затым студэнтка спыталася: «Калі рэпрэсаваць журналістаў і затрымліваць іх, то хто будзе асьвятляць усё, што адбываецца?» Качанава адказала сваім пытаньнем: «А навошта гэта асьвятляць?»

Таксама старшыня Савету Рэспублікі лічыць, што выданьні, якія публікуюць у сябе «інфармацыю, што нясе варожасьць», не павінны існаваць. Артыкулы ж калюмніста газэты «Советская Белоруссия» Мукавозчыка, на думку чыноўніцы, — «рэакцыя на гэтую хлусьню».

Качанава востра зрэагавала на абвінавачаньні студэнтаў на адрас дзяржаўнай тэлевізіі.

«Я ня бачыла хлусьні на БТ. Бачылі вы — скажыце. Але называць уладу фашыстамі нельга. Тое, што вяшчаюць нашы таварышы, якія зьехалі за мяжу, як да гэтага ставіцца? Яны ж вяшчаюць хлусьню».

Таксама студэнтаў на сустрэчы цікавілі і пытаньні навучаньня, прызнаньня дыплёмаў. Тут Натальля Качанава падкрэсьліла, што ня бачыць нічога асаблівага ў Балёнскім працэсе, які так шануюць навучэнцы журфаку.

«Не скажу, што я прыхільніца Балёнскага працэсу. А што ў ім такога? Што вы атрымаеце дыплём міжнародны і паедзеце кудысьці? І зараз жа можаце».

Таксама на размове са студэнтамі прысутнічаў рэктар БДУ Андрэй Кароль.

Перад прыездам Качанавай і Караля студэнцкія тэлеграм-каналы паведамлялі пра допуск у аўдыторыю толькі «ідэалягічна правільных людзей», аднак на сустрэчы гучалі і вострыя пытаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Качанаву ўзнагародзілі мэдалём «за асаблівы ўнёсак у разьвіцьцё парлямэнтарызму, умацаваньне дэмакратыі»Не „грамадзянская вайна“, а вайна супраць грамадзянаў«Грамадзянская вайна можа быць непазьбежнай». Качанава сустрэлася з чыноўнікамі Полаччыны«Не супакояцца ні выкладчыкі, ні студэнты», — выкладчыца БДУ аб пратэстахЛекар адказаў Качанавай: «Дыялёг будзе там, дзе гэтага захоча народ Беларусі»