Стваральнікі анімацыйнага пэрсанажа «Mr.Freeman» абвінавацілі Расею ў падаграваньні нянавісьці да беларускага пратэсту

Стваральнікі пэрсанажа Mr.Freeman — Павал Мунцян, Вадзім Дземчаг і Анатоль Дабражан — на фэстывалі ў расейскай Волагдзе, 2013 год.

Вядомы анімацыйны пэрсанаж Mr.Freeman быў адроджаны празь некалькі гадоў маўчаньня ў сувязі зь беларускімі пратэстамі.

У інтэрвію выданьню «Новая газета» ягоныя стваральнікі сказалі, што сілавікам і самому Лукашэнку няма куды ўцякаць ад беларускага народу. Расею, адкуль паходзіць праект, яны называюць крыніцай напружанасьці і нянавісьці да беларусаў і ўкраінцаў.

Прычыны вяртаньня на экраны стваральнікі Mr.Freeman патлумачылі так:

«Бо ёсьць магчымасьць зьмяніць нешта для цэлага народу... Сілавікі перагнулі, і ім няма шляху назад. Калі яны дадуць па тармазах, то народ іх будзе судзіць па ўсёй строгасьці. Або ўсім прадстаўнікам сілавых структур давядзецца ўцякаць з краіны. Як і куды? Абаронцы Лукашэнкі апынуліся ў пастцы. Народ ня можа адступіць, таму што ні сілавікі, ні Лукашэнка цяпер ужо ніколі ня будуць разам з народам, заўсёды — супраць».

На думку стваральнікаў пэрсанажа, якія далі інтэрвію ад ягонага імя, у беларускай сытуацыі больш няма пункту прымірэньня. Лічыць сытуацыю завершанай ніяк нельга. Наадварот, варта актыўна распаўсюджваць інфармацыю ўсё шырэй, робячы штодзённы розгалас.

«Трэба не гаварыць, а крычаць; нават не крычаць, а скаланаць усё навокал лямантам і стогнам. Жыхарам, якія змагаюцца за сваю будучыню ў Менску, Горадні, Гомлі, Магілёве і іншых гарадах, не патрэбныя словы сумневаў, ім патрэбныя словы падтрымкі».

Mr.Freeman вызначыў крыніцу асноўнай замежнай напружанасьці. Гэта, паводле пэрсанажа анімацыі, Расея.

«У расейскіх СМІ ідзе «прапампоўка», што бел-чырвона-белы сьцяг, пад якім беларусы змагаюцца за свабоду, — фашысцкі. Прэзыдэнт Беларусі называе свой народ «алькаголікамі, наркаманамі і прастытуткамі», а ў Расеі на фэдэральных каналах простых грамадзян Беларусі, якія выходзяць на вуліцы, называюць «правакатарамі і фашыстамі». Жаданьне сумленных выбараў у СМІ абедзьвюх краін называецца рэвалюцыяй, спробай дзяржаўнага перавароту. У выніку ўрад Расеі, які ўсюды шукае ворагаў, сам стварае новы пласт варожасьці. Ужо ня першы год сеціва булькоча нянавісьцю сярэднестатыстычных расейцаў да жыхароў Украіны. А цяпер будзе яшчэ і да жыхароў Беларусі. Гэта страшна... У гэтым вінаватая нязьменная ўлада».

Mr. Freeman (англ. «Спадар Свабодны Чалавек») — анімацыйны пэрсанаж і аднайменны вэб-сэрыял, які зьявіўся на YouTube ў верасьні 2009 года і заваяваў значную папулярнасьць у расейскамоўным сэгмэнце інтэрнэту, у тым ліку сярод беларускіх карыстальнікаў.

Праект мае 1,39 млн падпісчыкаў. У кадры Mr. Freeman прамаўляе маналёгі, якія крытыкуюць лад жыцьця сучаснага абываталя. Пэрсанажа агучвае актор Вадзім Дземчаг, над стварэньнем сэрыялу працуе адмысловая творчая група.