Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што гатовая ўзначаліць Беларусь у пераходны пэрыяд. Яе дарадца ў пытаньнях міжнароднай палітыкі Франак Вячорка расказвае ў інтэрвію Свабодзе пра дэталёвы плян, які распрацаваны штабам экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты.
Пра каманду Ціханоўскай
- За тры месяцы ад выбараў сфармавалася каманда экспэртаў, якая распрацавала дакумэнты, пляны, праекты рэформаў. Якім чынам могуць быць праведзеныя выбары за кароткі тэрмін, а таксама якія зьмены і рэформы павінны быць неадкладна зробленыя, як толькі адбываецца дыялёг.
Пра легітымнасьць
- Сьвятлана Ціханоўская і Каардынацыйная рада — гэта легітымныя органы, якія прызнаюцца сьветам і беларусамі. Гэтыя два інстытуты павінны забясьпечыць мірны пераход улады да правядзеньня новых выбараў.
Пра транзыт улады
- Схема, паводле якой улада пераходзіць прэм’еру і ён праводзіць выбары, — гэта не беларускі выпадак. У Беларусі няма падзелу ўладаў, і прэм’ер — гэта проста прызначаны Лукашэнкам ляяльны чалавек.
- Самы верагодны варыянт, незалежна ад таго, калі ён адбудзецца, — што будуць перамовы наконт транзыту ўлады. І, хутчэй за ўсё, гэтая транзытная ўлада будзе складацца і зь людзей, якія знаходзяцца цяпер у рэжыме, і зь людзей, якія прадстаўляюць Каардынацыйную раду. Але так ці інакш павінен быць лідэр, чалавек, які правядзе гэты транзытны пэрыяд. І, хутчэй за ўсё, гэта будзе Сьвятлана Ціханоўская.
Пра новыя выбары
- Новыя выбары можна правесьці за 45 дзён. Нават пры цяперашнім выбарчым заканадаўстве выбары могуць быць празрыстымі і дэмакратычнымі. Офісам Сьвятланы Ціханоўскай і экспэртамі, якія праводзілі выбары ва Ўкраіне пасьля Майдану, распрацаваны дакумэнт, які тлумачыць, якія падзаконныя акты трэба прыняць, якія тлумачаць працэдуру фармаваньня камісіяў і забясьпечваюць працэдуру падліку галасоў, удзел назіральнікаў.
Пра праграму падтрымкі Беларусі
- Да яе далучыліся Польшча, Румынія, некалькі іншых дзяржаваў. Некаторыя дзяржавы выказалі гатоўнасьць удзельнічаць і дапамагаць на макраўзроўні. Гэта могуць быць такія структуры, як Сусьветны банк. Такая дапамога вымяраецца не мільёнамі, а мільярдамі. У МВФ і іншых структур ёсьць прыклады выдзяленьня вялікіх сродкаў краіне, якая перажыла крызіс.
- Сьвятлана Ціханоўская мела размовы з асобнымі бізнэсоўцамі. Ёсьць групы кампаній, якія гатовыя прапанаваць асобныя інвэстыцыйныя пляны ў Беларусі. Некаторыя кампаніі Крэмніевай даліны прапаноўваюць плян інвэстыцыяў у беларускі IT-сэктар, стварэньне беларускага IT-унівэрсытэту. Ідзе размова пра пашырэньне тых пляцовак для IT-кампаній, якія ўжо існуюць. Ёсьць пляны іх маштабаваньня ў беларускія рэгіёны.
- Падчас сустрэчаў з прадстаўнікамі прыватнага сэктару ў Даніі была размова, каб група міжнародных кампаній зь Нямеччыны, Даніі і Нідэрляндаў падрыхтавала свае прапановы інвэстыцыяў у прамысловасьць Беларусі. Але гэта рэчы на поствыбарчы пэрыяд.
- Ёсьць яшчэ пляны падтрымкі на транзытны пэрыяд. Большасьць сустрэчаў Сьвятланы Ціханоўскай у эўрапейскіх дзяржавах датычыць атрыманьня гарантыяў гэтай дапамогі. Гэта дапамога лекарам, прафсаюзам, рабочым, прадпрымальнікам, усім тым неабароненым групам, якія пацярпелі за 2020 год ад рэжыму Лукашэнкі.