Пра мэдыкаў, пратэсты, «закон 328». Што паглядзець на фэсьце беларускага дакумэнтальнага кіно

Арганізатары фэстывалю дакумэнтальнага кіно WATCH DOCS Belarus 2020 апублікавалі сьпіс фільмаў, якія ўвойдуць у праграму. Фэст адбудзецца з 8 па 14 сьнежня.

Паказы зладзяць на дзьвюх пляцоўках у Менску — ОК16 і «Корпус».

Усяго ў праграме 15 фільмаў. Большасьць зь іх пра Беларусь і беларускія падзеі, але ёсьць таксама стужкі з Украіны, Марока, Вэнэсуэлы ды іншых краін.

11 сьнежня ў 17:00 у прасторы ОК16 адбудзецца прагляд фільму «Гэтая песьня называецца „328“» журналісткі Радыё Свабода Аляксандры Дынько і апэратаркі, рэжысэркі Тацяны Гаўрыльчык. Фільм апавядае пра падзеі пасьля вечарынкі, на якой ад перадазіроўкі экстазі памерла 19-гадовая дзяўчына. Тады яе сябры не адразу наважыліся выклікаць хуткую дапамогу, бо ім пагражаў сумнавядомы «антынаркатычны» артыкул 328, па якім можна сесьці на 25 гадоў.

Таксама на WATCH DOCS пакажуць фільмы пра сытуацыю пасьля выбараў у Беларусі, несвабоду мастацтва, працу мэдычнай брыгады са Сьветлагорску і іншыя. Пасьля праглядаў пройдуць тэматычныя сустрэчы пра стужкі і майстэрства сцэнару кінадакумэнталістыкі.

Арганізатары фэстывалю праводзяць кампанію па зборы грошай на прэміі рэжысэрам фільмаў.