Адмысловая дакладчыца ААН: Беларускі ўрад актыўна перашкаджае абароне правоў чалавека ў краіне

Эўрапарлямэнт

Беларускі ўрад актыўна перашкаджае прасоўваньню і абароне правоў чалавека ў краіне, заявіла адмысловая дакладчыца ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн на пасяджэньні падкамітэту Эўрапарлямэнту па правах чалавека 1 сьнежня

Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Падкамітэт Эўрапарлямэнту абмеркаваў сытуацыю ў Беларусі і міжнародныя намаганьні па расьсьледаваньні парушэньняў правоў чалавека ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Першым выступіў дакладчык па Беларусі ў рамках Маскоўскага мэханізму АБСЭ Вольфганг Бэнэдэк, які паведаміў пра высновы і рэкамендацыі, якія зьмяшчаюцца ў падрыхтаваным ім дакладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык АБСЭ па Беларусі: «Час гэтага рэжыму паступова падыходзіць да канца»

У прыватнасьці, адзначыў ён, прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня 2020 году былі сфальсыфікаваныя, мелі «відавочныя недахопы і не адпавядалі асноўным патрабаваньням, устаноўленым на аснове маніторынгу папярэдніх выбараў». «Што тычыцца парушэньняў правоў чалавека, якія ўчыняліся беларускімі сіламі бясьпекі ў адказ на мірныя дэманстрацыі і пратэсты, то яны насілі масавы і сыстэматычны характар і, на жаль, усё яшчэ працягваюцца», — сказаў Бэнэдэк. Ён падкрэсьліў, што затрыманьні пратэстоўцаў носяць масавы і адвольны характар, да іх ужываюцца катаваньні і жорсткае абыходжаньне.

Бэнэдэк адзначыў, што ў адпаведнасьці са сваім мандатам ён зрабіў шэраг рэкамэндацый беларускаму ўраду, АБСЭ і міжнароднай супольнасьці. «Рэспубліцы Беларусь рэкамэндавана арганізаваць новыя прэзыдэнцкія выбары ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі і пры своечасовым запрашэньні міжнародных назіральнікаў», — сказаў Бэнэдэк.

Дакладчык рэкамэндаваў ураду краіны пачаць паўнавартасны дыялёг з усімі зацікаўленымі бакамі, уключаючы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і Каардынацыйнай рады ў справе ўрэгуляваньні палітычнага крызісу. Акрамя таго, ён прапанаваў правесьці расьсьледаваньне ўсіх выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня з затрыманымі, непрапарцыйнага ўжываньня сілы і зброі супрацоўнікамі сілавых органаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты ААН заклікалі ўлады Беларусі расьсьледаваць гвалт супраць пратэстоўцаў

Адмысловая дакладчыца ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн адзначыла, што нягледзячы на ўсе намаганьні па ўсталяваньні дыялёгу з афіцыйным Менскам беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць зь ёй. Яна нагадала, што ў яе дакладах за 2019 і 2020 гады, якія былі падрыхтаваныя для Генэральнай асамблеі ААН, гаварылася аб сыстэмных праблемах у беларускім заканадаўстве, уключаючы выбарчае, якія могуць прывесьці да парушэньняў правоў чалавека. «На жаль, гэта пацьвердзілася тым разьвіцьцём падзеяў, якія адбыліся сёлета», — сказала Марэн.

«Я прыйшла да высновы, што гэты ўрад актыўна перашкаджае прасоўваньню і абароне правоў чалавека ў Беларусі, — сказала дакладчыца. — Ахвяры такой палітыкі вядомыя — грамадзкія і палітычныя актывісты, праваабаронцы, незалежныя журналісты, якія спрабуюць рэалізаваць сваё права на актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці. Разьвіцьцё падзеяў у апошнія месяцы ў Беларусі паказвае, што парушаецца ня толькі іх права на свабоду слова і сходаў. Большасьць зь іх сутыкнуліся з адвольнымі затрыманьнямі і арыштамі, перасьледам, запалохваньнем і гвалтам. Разам з мэдыкамі, блогерамі і студэнтамі яны апынуліся на перадавой мірных пратэстаў».

Марэн таксама адзначыла, што права на свабоду сходаў ёсьць фундамэнтальным правам чалавека і можа быць абмежаванае ў невялікай колькасьці выпадкаў, якія пералічаныя ў артыкуле 29 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. «Усе іншыя абмежаваньні і тым больш падаўленьне пры дапамозе гвалту, што мы назіраем у Беларусі, недапушчальныя, — сказала яна. — Называць гэтыя акцыі «несанкцыянаванымі» — гэта злоўжываньне, а заяўляць, што яны кантралююцца зьнешнімі сіламі — цынічная тактыка адмаўленьня. Як экспэрт, які займаецца вывучэньнем Беларусі ўжо больш за 12 гадоў, магу з упэўненасьцю заявіць, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі прачнулася і большасьць беларусаў хочуць адстойваць свае правы».

Марэн зьвярнула ўвагу на тое, што ўлады актыўна выкарыстоўваюць адміністрацыйны арышт у дачыненьні да ўдзельнікаў акцыяў пратэсту нягледзячы на другую хвалю COVID-19 і без выкананьня адпаведных мераў бясьпекі. «Паводле паведамленьняў праваабаронцаў, 80% затрыманых, хутчэй за ўсё, заражаюцца COVID-19 падчас адбыцьця арышту», — сказала дакладчыца ААН.

Яна заклікала міжнародную супольнасьць супольнымі намаганьнямі дамагацца таго, каб беларускія ўлады выканалі рэкамэндацыі па паляпшэньні сытуацыі ў краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрадэпутаты рэзка асудзілі сытуацыю ў Беларусі і заклікалі да пашырэньня санкцый

Кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях з Беларусьсю Роберт Бедрань адзначыў: «Мы зноў абмяркоўваем важныя рэчы, якія адбываюцца проста на мяжы Эўразьвязу ў апошняй дыктатуры Эўропы, дзе людзі змагаюцца з сур’ёзнымі парушэньнямі правоў чалавека. У нас было адчуваньне — і яно выявілася ў прынятай на мінулым тыдні рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, што меры, прынятыя да гэтага часу краінамі — чальцамі ЭЗ супраць рэжыму Лукашэнкі, зьяўляюцца недастатковымі. Каб ня быць расчараванымі, мы павінны адпавядаць тым чаканьням, якія ёсьць у людзей у Беларусі ў іх барацьбе за свабоду. І па маіх адчуваньнях, вельмі лёгка выканаць тое, чаго ад нас чакаюць».

Эўрадэпутат, былы прэмʼер Літвы Андрус Кубілюс адзначыў, што расьсьледаваньне злачынстваў можа праводзіцца з выкарыстаньнем мэханізму ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. У якасьці прыкладу ён прывёў сытуацыю з Максімам Харошыным — уладальнікам кветкавай крамы ў Менску, які пасьля затрыманьня правёў некалькі гадзін у адным з РУУС, адкуль быў дастаўлены ў шпіталь. Затым ён быў вымушаны пакінуць Беларусь і, знаходзячыся ў Літве, зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай пачаць расьсьледаваньне аб ужываньні да яго катаваньняў. Генэральная пракуратура краіны пачала працу па гэтай заяве. Кубілюс заклікаў іншыя краіны пайсьці за прыкладам Літвы.

Чальцы падкамітэту па правах чалавека Эўрапарлямэнту выказаліся ў падтрымку ініцыятывы аб стварэньні міжнароднага органу для расьсьледаваньня злачынстваў супраць правоў чалавека ў Беларусі, а таксама неабходнасьці ўвядзеньня далейшых санкцыяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.