«Беларуская абсэрваторыя інтэрнэту» падрыхтавала справаздачу па блякаваньні інтэрнэту ў краіне ў пэрыяд ад прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня і па канец кастрычніка. Агулам беларусы правялі без мабільнага інтэрнэту амаль трое сутак.
Паводле справаздачы, зь вечара 9 да раніцы 12 жніўня ў Беларусі быў цалкам адключаны мабільны інтэрнэт у трох беларускіх апэратараў на працягу 31 гадзіны 45 хвілін. Так доўга мабільнага інтэрнэту не было ўпершыню ў гісторыі Беларусі. Акрамя таго, было сталае блякаваньне доступу да замежных рэсурсаў на ўзроўні магістральных правайдэраў «Белтэлекам» і НЦАТ.
Адключэньне мабільнага доступу ў апэратараў А1, МТС і life :) адбылося сынхронна, што можа сьведчыць аб цэнтралізаваным характары дзеяньняў. На той момант ніводзін з апэратараў не казаў, што адключаў інтэрнэт у сувязі з указаньнямі праваахоўных органаў.
Пачынаючы з 30 жніўня кожную нядзелю апэратары адключалі мабільны інтэрнэт «па распараджэньні вышэйстаячых органаў». Пэрыядычна сетка зьнікала ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах, якія актыўна пратэставалі. У сярэднім мабільны інтэрнэт адключалі на 4–5 гадзін кожную нядзелю. Як вынікае са справаздачы, з 30 жніўня па 25 кастрычніка мабільнага інтэрнэту ў беларускіх карыстальнікаў сумарна не было амаль двое сутак — на працягу больш як 39 гадзін.
Агулам за тры пасьлявыбарчыя месяцы беларусаў цалкам пазбавілі мабільнага інтэрнэту прынамсі на 71 гадзіну.