Аляксей Кудзін знаходзіцца ў вышуку па крымінальнай справе, заведзенай за напад на сілавіка падчас пратэстаў у Маладэчне. Ён уцёк з-пад хатняга арышту, паведамляе by.tribuna.com.
Першае слуханьне ў судзе па крымінальнай справе прызначылі на 19 лістапада, аднак шматразовы чэмпіён сьвету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін на яго не прыйшоў. Вядомага спартоўца вінавацяць у тым, што 10 жніўня ў Маладэчне падчас акцыі пратэсту ён ужыў гвалт супраць сілавікоў.
Кудзіна абвінавачваюць па артыкуле 363 Крымінальнага кодэксу — «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадзкі парадак». Максымальная санкцыя артыкула прадугледжвае 5 гадоў пазбаўленьня волі.
1 сьнежня баец выйшаў на сувязь і апублікаваў запіс у Інстаграме.
«Вiтаю вас, маё шаноўнае спадарства. По вядомых справах я быў вымушаны зьехаць з Роднай Краiны. Зараз мне нiхто i нiшто не пагражае. Але ўсiм сэрцам я побач з тымi, хто змагаецца за сваю незалежнасьць i яскравую будучыню. Больш чым 17 гадоў я выходзiў пад сьцягам сваёй дзяржавы. Шмат разоў я ўздымаў сьцяг на мiжнароднай пляцоўцы, а цяпер вымушаны бегчы ад гэтай сыстэмы. Але я вярнуся ў скорай будучынi мацнейшым i з праўдаю ў сваiм сэрцы. Жыве Беларусь!!!»
Паводле выданьня, 10 жніўня Кудзін разам зь сябрамі апынуўся ў цэнтры Маладэчна ў момант, калі сілавікі атакавалі пратэстоўцаў. Да байца падбеглі амапаўцы, распылілі газ і пачалі зьбіваць дручкамі — пры гэтым, як сьцьвярджае адно з праўладных мэдыя, аднаго зь сілавікоў Аляксей адправіў у накаўт.
Байца арыштавалі ўжо каля лякарні, куды ён накіраваўся з прычыны кепскага стану. Пры гэтым сілавікі разьбілі яго машыну, а ў самога Кудзіна стрэлілі і зноў яго зьбілі. У байца былі траўмы галавы і грудзей, а таксама моцнае пашкоджаньне пальца. Амаль два тыдні Аляксей правёў за кратамі, пакуль 21 жніўня не зьявіўся ў сюжэце на дзяржтэлеканале СТБ. Баец прызнаў сябе вінаватым у нанясеньні цялесных пашкоджаньняў супрацоўнікам МУС і раскайваўся.
Яго адпусьцілі пад хатні арышт. У кастрычніку падчас адміністрацыйнага працэсу (за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 10 жніўня) Аляксея Кудзіна аштрафавалі на 625 рублёў. А затым пачалі перасьледаваць у крымінальным парадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шматразовага чэмпіёна сьвету па адзінаборствах, якога зьбілі падчас пратэсту, вінавацяць у супраціве сілавікам. Ён зьнік перад судом